Медыі: Сястра Кім Чэн Ына можа ўзначаліць КНДР пасля ягонай смерці

Кім Ё Чонг. Фота: JORGE SILVA / Reuters / Forum

Паўночная Карэя з канца мінулага года рыхтуе на замену кіраўніку краіны Кім Чэн Ыну ягоную малодшую сястру Кім Ё Чонг на выпадак экстранных абставінаў. Пра гэта паведамляе японская газета «Yomiuri».

Кім Ё Чонг на 4 гады маладзейшая за брата. Разам з ім яна навучалася ў Швейцарыі, а пасля вывучала камп’ютэрныя навукі на радзіме. Але да 2010 года яна не з’яўлялася на публіцы, а да 2014 года ейнае імя не ўзгадвалі дзяржаўныя медыі. Нягледзячы на гэта, ужо з 2000-х пачаўся яе партыйны рост, а ў 2017 годзе ЗША ўнеслі яе ў чорны ліст за парушэнні правоў чалавека.

https://belsat.eu/news/na-belym-kani-kim-chen-yn-zaehau-na-svyatuyu-dlya-karejtsau-garu/

Тым не менш, Кім Ё Чонг успрымаецца як прапагандыстка станоўчага іміджу паўночнакарэйскіх уладаў як вонкі, гэтак і ўнутры КНДР. У 2018 годзе яна прадстаўляла афіцыйны Пхеньян на Алімпійскіх гульнях у Сеуле, а пасля брала актыўны ўдзел у ядравых перамовах з ЗША. Пасля іх правалу ў 2019 годзе яе, аднак, вывелі са складу палітбюро.

Паводле «Yomiuri», пленум ЦК Працоўнай партыі Карэі ў канцы 2019 года нібыта вырашыў на выпадак раптоўнай смерці Кім Чэн Ына ўсю ўладу ў краіне перадаць менавіта ягонай сястры. Пасля гэтага нібыта ад імя Кім Ё Чонг былі дадзеныя многія дырэктывы па партыйнай і вайсковай лініях.

https://belsat.eu/news/upershynyu-u-gistoryi-amerykanski-prezident-trapiu-na-terytoryyu-paunochnaj-karei/

Таксама паведамляецца, што ў студзені 2020 года Пхеньян наведалі французскія лекары. Прычынай гэтага магло стаць пагаршэнне стану Кім Чэн Ына, які нібыта пакутуе ад высокага ціску, хваробы сэрца і дыябету. У выніку падрыхтоўка на замену яму Кім Ё Чонг паскорылася, і яна фактычна стала «чалавекам нумар два» ў КНДР. На мінулым тыдні яе ўзнавілі ў складзе палітбюро, паведамляе The Guardian.

Актывізавалася і яе публічная актыўнасць. Гэтак, у сакавіку яна зрабіла першую публічную заяву, асудзіўшы Паўднёвую Карэю, які «брэша як напалоханая сабака» на вайсковыя вучэнні Пхеньяна, і пахваліўшы прэзідэнта ЗША Доналда Трампа за ліст з прапановай дапамогі ў змаганні з каронавірусам.

Публікацыя палітычных заяваў пад імем Кім Ё Чонг падкрэслівае, што яна гуляе цэнтральную ролю ў дзейным рэжыме, распавёў навуковы працаўнік Інстытута паўночнакарэйскіх даследаванняў Енсік Пон.

Між тым спецыяліст па Паўночнай Карэі Леанід Пятроў, які працуе старэйшым выкладчыкам у Міжнародным каледжы кіравання ў Сіднэі, мяркуе, што сястра Кім Чэн Ына не ўзначаліць КНДР.

«Паўночная Карэя – канфуцыянская краіна, дзе з павагай ставяцца да старшынстве і да мужчынскага пачатку. Яна – самая надзейная саюзніца Кіма, але не больш за тое», – заявіў ён.

Японскае выданне «Asahi», мяркуе, што Кім Ё Чонг можа стаць рэгентам, пакуль не пасталеюць малыя дзеці ейнага брата.

ЗША падазраюць сур’ёзнае пагаршэнне здароўя Кім Чэн Ына

Нагадаем, што Злучаныя Штаты Амерыкі вывучаюць выведвальныя звесткі пра пагаршэнне стану здароўя кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына, які 15 красавіка ўпершыню за многія гады не прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі з нагоды гадавіны з дня нараджэння свайго дзеда – заснавальніка КНДР Кім Ір Сена.

Гэта спарадзіла спекуляцыі з нагоды самаадчування кіраўніка Паўночнай Карэі. Амерыканская выведка на падставе сваіх звестак мяркуе, што здароўю Кім Чэн Ына можа пагражаць сур’ёзная небяспека пасля перанесенай ім хірургічнай аперацыі.

МГ belsat.eu

Hавiны