У Міністэрстве абароны не будуць каментаваць звесткі, які журналіст Віктар Малішэўскі атрымаў у расейскай кампаніі «Пиро-Росс», што з’яўлялася пастаўшчыком піратэхнікі для салюту на 3 ліпеня.
11 ліпеня ў блогу беларускага журналіста Віктара Малішэўскага было апублікавана інтэрвʼю начальніка канструктарскага бюро № 3 кампаніі «Пиро-Росс» Андрэя Інкіна, які заявіў, што гарантыйны тэрмін эксплуатацыі самаходных пускавых установак скончыўся ў 2018 годзе, пасля чаго быў неабходны капітальны рамонт або тэхабслугоўванне ў завадскіх умовах.
«Магчыма, Міністэрства абароны вашай краіны самастойна ажыццяўляе тэхабслугоўванне гэтых установак, але мы прапаноўвалі правесці тэхабслугоўванне ў завадскіх умовах, гэта значыць на нашай базе ў Сергіевым Пасадзе.
Мабыць, у бюджэце Мінабароны няма на гэта сродкаў. Хоць кожны год закупляліся зарадамі на салідную суму. Мы звярталіся аж да сустрэчы міністраў абароны ў мінулым годзе, мы неаднаразова рабілі прапанову правесці тэхабслугоўванне пускавых установак», – сказаў Інкін.
Ён таксама заявіў, што ў задачы супрацоўнікаў кампаніі, затрыманых у Менску, уваходзіла ўхіленне дробных непаладак і пры неабходнасці – сцэнар салюту.
«Зараджаюць толькі вашыя вайскоўцы. У камендатуры ёсць штатны вайсковец, адказны за гэта. Мы – кансультуем па сцэнары і вырашаем дробныя праблемы, на якія звяртаюць увагу вашыя вайскоўцы», – дадаў ён.
У Міністэрстве абароны не сталі каментаваць агучаную інфармацыю.
***
3 ліпеня падчас святочнага салюту адбылося надзвычайнае здарэнне. Загінула 64-гадовая жанчына, яшчэ 10 чалавек пацярпелі.
СК разглядае чатыры асноўныя версіі: пра няспраўнасць салютных установак, няспраўнасці феерверачных вырабаў, няправільнае зараджанне салютных установак, іх няправільнай эксплуатацыі. Затрыманыя па справе аб выбухах працаўнікі «Пиро-Росс» Максім Сапронаў і Канстанцін Дзянісаў утрымліваюцца ў СІЗА на Валадарскага.
КА belsat.eu