Медаль Шуневіча не за Крым. СМІ памыліліся


«Еўрарадыё», якое паведаміла пра тое, што 9 траўня кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч прыйшоў на менскую Плошчу Перамогі з медалём «За ўз’яднанне Крыму і Севастопаля з Расеяй», хутчэй за ўсё, памылілася.

Нагадаем, генерал-лейтэнант Ігар Шуневіч 9 траўня прыехаў на Плошчу Перамогі на рарытэтным аўтамабілі «ГАЗ-67Б» у форме супрацоўніка міліцыі сталінскіх часоў.

11 траўня «Еўрарадыё» паведаміла, што адна з медалёў, якая была на гімнасцёрцы Шуневіча – гэта медаль «За ўз’яднанне Крыму і Севастопаля з Расеяй». Гаворка ішла пра памятны медаль, выпушчаны ў сакавіку 2014 года. Ім узнагароджваюцца асобы, якія прымалі «найбольш актыўны ўдзел у падтрымцы рэферэндуму ў Крыме і Севастопалі, арганізацыі аховы грамадскага парадку і аказанні падтрымкі волевыяўлення насельніцтва Рэспублікі Крым».

Хаця «крымская» медаль візуальна сапраўды падобная да медаля Шуневіча, «НН» разглядзела, што пры істотным набліжэнні малюнкі на медалях усё ж адрозніваюцца. Гаворка, хутчэй за ўсё ідзе пра сувенірны медаль да юбілею Вялікай Айчыннай вайны з надпісам на беларускай мове.

Істотныя адрозненні бачныя і на відэа «Спутника», які браў інтэрв’ю ў Шуневіча 9 траўня.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў