Мазырскія ўлады хочуць памірыць ахвяру хатняга гвалту з крыўдзіцелем паходамі ў царкву і арт-тэрапіяй


Чыноўнікі Мазырскага райвыканкаму распрацавалі адмысловую праграму для ўз’яднання праблемнай сямʼі.

Мясцовыя ўлады хочуць памірыць ахвяру хатняга гвалту Святлану Мішоту з былым мужам Максімам Ляпёшкіным. Для гэтага чыноўнікі падрыхтавалі фільм пра шчаслівую сямʼю і трэнінгі «Я – добры бацька».

У спісе захадаў ёсць шэраг іншых абавязковых пунктаў, якія былыя сужэнцы павінны выканаць, каб іхнага сына Мікіту не забралі ў прытулак.

Святлана Мішота кажа, што не хоча мець зносінаў са сваім крыўдзіцелям і не верыць, што заняткі дапамогуць дамовіцца і знайсці агульную мову.

«Навошта мне з ім камунікаваць, з асобай, якая здзекавалася і працягвае пісаць на мяне ў розныя інстанцыі абсурдныя заявы?» – распавядае belsat.eu Святлана.

Сярод падзеяў, якія маюць урэгуляваць адносіны паміж былой парай, ёсць паходы ў царкву на гутаркі аб сямейных каштоўнасцях «Запаветы сямейнага выхавання» з прадстаўнікамі Тураўскай епархіі, прагляд ролікаў, «скіраваных на фармаванне сямейнага дабрабыту», размовы з элементамі тэрапіі «Дзіця вучыцца таму, што бачыць у сябе ўдома».

«Я схаджу ў царкву, калі буду мець патрэбу, а не калі мяне туды выклікаюць. А калі б я была іншай рэлігіі?» – задаецца пытаннем Святлана.

Акрамя таго, жанчына кажа, што чыноўнікі неахайна правяралі ейны дом: маўляў, у хаце стаіць няспраўная печ, што небяспечна для дзіцяці.

«У мяне даўно няма ніякай печы, у нас новае газавае ацяпленне ўжо гадоў дзесяць. Ёсць дакументы. Буду пісаць. Цяпер мне зноў трэба пісаць скаргу, плаціць адвакату», – абураецца мазыранка.

Hавiны
Здзекаваўся, зламаў нос, пагражаў забіць. У Мазыры ў ахвяры хатняга гвалту могуць адабраць дзіця
2019.10.23 14:16

Святлана адзначае і пазітыўны момант: суддзя апраўдала яе ў справе хуліганства. 12 кастрычніка на вачах у міліцыянтаў дзяўчыну збіў бацька былога мужа. На эмоцыях яна выпадкова перакуліла бутэльку з алеем, за што міліцыянты выпісалі ёй пратакол аб адміністратыўным парушэнні.

«Суддзя была на маім баку. Яна аспрэчыла, што я парушала грамадскі парадак. І аблаяла паводзіны міліцыянтаў: маўляў, не разумее, навошта яны ехалі са мной да бацькі былога мужа – мяне абараняць і дапамагчы забраць Мікіту, якога ад мяне хаваў дзядуля, або здымаць, як я «парушаю парадак», што было справакавана», – кажа Святлана.

Цяпер Гомельская пракуратура прыпыніла супраць Святланы першую адміністратыўную справу і пераглядае яе.

«Раней яны мае скаргі ігнаравалі, а тут даслалі ліст. Гэта, напэўна, дапамога «Белсату», дзякуй вам».

Калі дзяўчыну апраўдаюць, грошы, якія ёй давялося заплаціць, павінен будзе вярнуць ейны муж.

  • Жыхарка Мазыра Святлана Мішота доўгі час змагацца за свайго непаўнагадовага сына Мікіту. Ейны былы муж Максім Ляпёшкін пастаянна падае позвы на Святлану, каб забраць сына сабе.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў