«Мажу ў носе праполісам». Рэпартаж з Камунараў, дзе шпіталізавалі 39 дзяцей


Школа ў пасёлку Камунар на Гомельшчыне. Фота «Белсат»

Асцярожнасць прыходзіць толькі пасля навінаў пра тое, што вірус пабываў у суседнім двары. Гэты псіхалагічны эфект паўтарыўся ў пасёлку Камунар Буда-Кашалёўскага раёну. Падбаўшы пра ўласную бяспеку, карэспандэнты Belsat.eu наведалі тамтэйшых жыхароў.

2 красавіка пасёлак Камунар Гомельскай вобласці ўскалыхнула трывожная навіна – адтуль у інфекцыйны шпіталь Буда-Кашалёва забралі 39 навучэнцаў 2-га і 3-га класаў мясцовай школы разам з іхнымі бацькамі, настаўнікамі ды галоўным лекарам мясцовае амбулаторыі. Усе яны – кантакты першага ўзроўню з двума трэнерамі СДзЮШАР № 4, у якіх пазітыўныя вынікі тэстаў на SARS/2019-nCoV.

Пасёлак Камунар на Гомельшчыне. Фота «Белсат»

Вуліцы ў пасёлку спусцелі. Школа, садок, бар і амбулаторыя закрытыя. У бібліятэцы адмененыя гурткі. На вялікім стадыёне на ўездзе ў Камунар у футбол гуляюць два навучэнцы 11 класа, утрымаць якіх дома бацькам удалося.

«Колькі ж можна сядзець у хаце? – наракае 16-гадовы Антон. – Я не хачу каранціну, хачу хадзіць у школу, дома няма чаго рабіць. Два дні праседзеў, надакучыла, бацькі ненадоўга пусцілі пагуляць на стадыён».

Нягледзячы на сонечнае надвор’е, на вуліцах пасёлку амаль не відаць людзей. Тыя, хто выходзіць, то па неабходнасці – у прадуктовыя крамы.

Пасёлак Камунар на Гомельшчыне. Фота «Белсат»

62-гадовая пенсіянерка Наталля радасна паведамляе, што ў шпіталі ў Буда-Кашалёве засталіся толькі 10 чалавек, астатніх 29 адпусцілі дадому. На пытанне, чаго яна без маскі, адказвае:

«Не было на што набыць маску раней. Пенсію атрымала толькі сёння, цяпер набуду ў аптэцы. У мяне пад вокнамі стадыён, дык хоць голы бегай, ніхто не ўбачыць, бо няма людзей. Раней на вуліцах было поўна дзяцей, а зараз амаль няма. Беражонага бог беражэ».

Дазатар антысептыку ў краме пасёлку Камунар. Фота «Белсат»

У невялічкай прадуктовай краме на ўваходзе вісіць дазатар з антысептыкам. Прадавачкі кажуць, што маскі надзелі адразу пасля перапалоху.

«У мяне дома дзіця, – распавядае маладая прадавачка Ганна, – я за яго баюся і за бацькоў сваіх таксама. Мы да іх харчы завозім, пакідаем ля дзвярэй і з’язджаем».

Жыхар Камунару верыць у дзейнасць праполісу супраць каронавірусу. Фота «Белсат»

Да крамы пад’язджае на ровары мужчына пенсійнага ўзросту, кажа, што не баіцца заразіцца: «Мажу ў носе настойкаю праполісу. Гэта наймацнейшы антыбіётык, – паведамляе Мікалай. – Забівае вірус і ўсе бактэрыі» (эфектыўнасць не пацверджаная – заўвага «Белсату»).

У краме раскупілі цытрыны, але больш скаргаў – не на дэфіцыт, а на недахоп інфармацыі: «Я быў у Чарнобылі ў 1986-м, – кажа мужчына і просіць не фатаграфаваць, – такая самая сітуацыя, такі самы бардак».

Пасёлак Камунар на Гомельшчыне. Фота «Белсат»

Пра Чарнобыль савецкія ўлады маўчалі, пра каронавірус усё ж кажуць. Іншая справа – што кажуць. Камунарскі жыхар – 45-гадовы Мікалай – працуе трактарыстам на птушкафабрыцы. Штодзень у якасці прафілактыкі карыстаецца спосабам, які параіў Аляксандр Лукашэнка:

«Ён жа сказаў, што 200 грамаў гарэлкі на грудзі і не возьме аніякі каронавірус. Я давяраю прэзідэнту, таму штодня пасля працы стаў выпіваю тыя 50 гр у пераліку на чысты спірт. Не панікую зусім. Працую трактарыстам, маску не нашу, хаця ў нас багата людзей, якія працуюць у медычных пальчатках і ў «намордніках», як іх называюць.

«Наморднікамі» на адной з нарадаў напярэдадні маскі назваў кіраўнік краіны. Хто лічыць недастатковым ужыванне сродкаў асцярожнасці і ўтрыманне дыстанцыі, застаюцца ў самаізаляванні. Напрыклад, 56-гадовая пенсіянерка Галіна разам з мужам – вырашылі перасядзець няпэўны час дома. Сужэнцы маюць хранічныя хваробы (дыябет і хворае сэрца), інваліды 2 і 3 групы, і вельмі непакояцца са сваё здароўе. Выходзяць на вуліцу на кароткі час, глынуць свежага паветра.

Самаізаляваная жанчына з пасёлку Камунар на Гомельшчыне. Фота «Белсат»

«Дзеці забаранілі выходзіць на вуліцу. Яны нам прыносяць ежу, што праўда ў кватэру заходзяць у масках, распавядаюць апошнія навіны. Мы намагаемся берагчы нервы і моцна ў гэта ўсё не ўнікаць. Калі шчыра, вельмі страшна, не думалі, што каронавірус і тут з’явіцца. Пасля Дабравешчання пойдзем на свае соткі, як бы не было. Бо, як кажуць, вясновы дзень год корміць».

Ля двара з двухпавярховікамі стаіць будынак амбулаторыі. На ім надпісы «Уваход зачынены. Каранцін», «Уваход для хворых з падазрэннем або ўздымам тэмпературы!!!»

Абвестка на дзвярах ў амбулаторыю пасёлку Камунар. Фота «Белсат»

Мясцовыя кажуць, што галоўнага лекара адпусцілі дадому, таму прыём хворых у амбулаторным пункце ўзновіцца. Старшакласнік Стас у будаўнічай масцы і пальчатках цвердзіць, што тых дзяцей, якіх адпусцілі дадому са шпіталя ў Буда-Кашалёве, зноў вярнулі ў шпіталь. Кажа ўпэўнена, бо сярод іх ягоная сваячка.

Пасёлак Камунар на Гомельшчыне. Фота «Белсат»

Мясцовая раённая газета «Авангард», на старонку якой накіравала Belsat.eu галоўная лекарка Буда-Кашалёўскага цэнтральнага раённага шпіталя Жана Еўтохува, цвердзіць, што сітуацыя пад кантролем. Жыхароў раёну заахвочвае прыходзіць на Дабравешчанскую службу, якая пройдзе ў звычайным рэжыме.

Ганна Кавальчук Belsat.eu

Стужка навінаў