«Мазаічны» падыход Лукашэнкі да канфлікту на Данбасе. ТОП-10 цытатаў пра расейска-украінскую вайну


Узброены канфлікт на Данбасе для кіраўніка Беларусі стаў адначасова і маннай нябеснай, і праклёнам. Тлумачым чаму.

Рэверанс перад «кумам Пуціна»

14 студзеня Аляксандр Лукашэнка знянацку сустрэўся з украінскім палітыкам Віктарам Медведчуком, прадстаўніком Украіны ў менскай трохбаковай кантактнай групе, якая займаецца пытаннямі абмену ваеннапалоннымі паміж Кіевам і самаабвешчанымі прарасейскімі рэспублікамі ЛНР ды ДНР.

№ 1

«Гэта непаразуменне [вайна на Данбасе. – Заўв. Belsat.eu] трэба заканчваць. Брацкія рэспублікі, народы… Уласнымі рукамі робім нашым ворагам і супернікам падарунак», – заявіў падчас сустрэчы з Медведчуком кіраўнік Беларусі.

На першы погляд беларускі лідар запусціў старую пласцінку пра братоў і ворагаў, якія робяць усё, каб іх пасварыць. Але нельга выключаць, што беларускі лідар тонка праехаўся па данбаскай авантуры Пуціна, назваўшы яе «непаразуменнем». На фоне расейска-беларускага канфлікту вакол падатковага манеўру такое тлумачэнне сутнасці гэтай фразы выглядае больш праўдападобным.

Hавiны
«Мы ніколі не абяцалі». Мядзведзеў парыраваў пагрозу Лукашэнкі і нагадаў яму пра крэдыты
2019.01.14 14:51

Ды і ці могуць быць народы брацкімі, калі ўзброены канфлікт паміж імі павялічвае колькасць надмагілляў на могілках на 10 000 штук? Аляксандр Рыгоравіч не можа не ведаць адказ на гэтае пытанне.

Як і не можа не ведаць, што значыць апынуцца ў позе нязручнай для палітыка, што праўда, не да канца расчараванага такім станам рэчаў. Бо Расея рэгулярна выдае Лукашэнку крэдыты і няблага выконвае ролю сусветнага бандыта: вайна з Грузіяй, Крым, Данбас.

На фоне Пуціна, які пагражае Беларусі глыбокай інтэграцыяй, «апошні дыктатар Еўропы» выглядае нібы дробны шкоднік. А для Захаду Лукашэнка ўжо аб’ектыўна меншае зло, чымся расейскі цар.

Больш таго, вайна на Данбасе і статус рэгіянальнага міратворца сталі для Лукашэнкі сапраўдным трамплінам на міжнароднай арэне. І самае галоўнае – расейска-украінская вайна ўжо стала адным з асноўных пунктаў перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі падчас прэзідэнцкай гонкі ў 2020 годзе.

Хто такі Mr. Медведчук?

Віктар Медведчук – лідар руху «Грамадскі выбар», з 2002 па 2005 г. узначальваў апарат прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, быў дэпутатам II, III, IV скліканняў украінскага парламента. Напярэдадні анексіі Крыму з’ехаў з сямʼёй у Швейцарыю. Быў адным з ключавых кансультантаў экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча падчас «Еўрамайдану». За прарасейскія погляды ўкраінскія медыі называюць яго «кумам Пуціна».

Апошнім часам ва ўкраінскіх медыях сустракаецца меркаванне, што Медведчук возьме ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне. Сам Медведчук кажа, што не збіраецца ісці ў прэзідэнты, але ў стужку навінаў ён трапляе ўсё часцей. Дарэчы, Віктар Медведчук падзякаваў Лукашэнку «за магчымасць сустрэчы», паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі. Хто быў яе ініцыятарам і з якой нагоды Аляксандр Рыгоравіч сустракаўся с «кумам Пуціна» не паведамляецца.

ВІДЭА
Яўген Ройзман: «З Украінай ужо зрабілі ўсё што маглі. Не хацелася б, каб падобнае адбылося з Беларуссю»
2019.01.10 18:09

ТОП-10 цытатаў Лукашэнкі пра расейска-украінскую вайну

Вайна ва Украіне стала для Лукашэнкі надзейнай зброяй па запужванню беларусаў страшылкамі ў стылі: «вы не хочаце, каб было як ва Украіне», або «лепш я ў Менску, чымся танкі ў Берасці». На міжнароднай арэне Лукашэнка выкарыстаў гэты канфлікт, як эфектыўны інструмент легітымізацыі. Кіраўніку Беларусі спатрэбіўся час, каб зразумець, што вайна ва Украіне можа прыйсці ў Беларусь. Што будзе з ім у гэтым выпадку? Ня цяжка здагадацца.

Абы не было вайны. Лукашэнка пужае беларусаў

№ 2

«Мы – на фронце. Не вытрымаем гэтыя гады, правалімся – значыць, трэба будзе або ў склад нейкай дзяржавы ісці, або аб нас буду проста выціраць ногі. А не дай бог, яшчэ развяжуць вайну як ва Украіне». Гэтыя словы прагучалі 22 чэрвеня 2018 года ў гадавіну нападзення гітлераўскай Нямеччыны на СССР падчас нарады з мясцовымі чыноўнікамі ў Шклоўскім раёне.

Танная незалежнасць

№ 3

«Нам незалежнасць вельмі танна дасталася: усе народы ваявалі, сёння ваюе братэрская Украіна. Нам нельга дапусціць таго, каб ваяваць. Мы народ міралюбівы. Напэўна, Бог перад намі паставіў гэтую цяжкую задачу, каб мы адчувалі, што такое незалежнасць. Пераадолець усё гэта мы можам, толькі аб’яднаўшыся», – заявіў Лукашэнка падчас уручэння дыпломаў дактароў навук у 2017 годзе.

Баевікоў трэба знішчаць. Міратворцаў ненавіджу

№ 4

«Баевікоў, якія ваююць супраць украінцаў, трэба знішчаць. Але спачатку разбярыцеся, а то перастраляеце сваіх жа», – параіў кіраўнік Беларусі 7 чэрвеня 2014 года ўкраінцам. У той дзень Аляксандр Лукашэнка прыехаў на інаўгурацыю прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

№ 5

Тады ж Лукашэнка заявіў, што «ненавідзіць» пасярэднікаў і міратворцаў. А таксама папрасіў не ўцягваць яго ў гэты працэс.

«Гэта той, хто хоча для сябе палітычныя дывідэнды нейкія незразумелыя, хто хоча тут нейкі аўтарытэт атрымаць – ён заўсёды рвецца ў пасярэднікі і міратворцы Я гэтага не хачу – у мяне ўсё гэта ёсць. Усё ж такі з апошнім дыктатарам Еўропы размаўляеце. Запішыце сабе гэта», – заявіў Лукашэнка.

Адправіць беларусаў на Данбас? Калі ласка!

№ 6

Праз некалькі гадоў Лукашэнка перадумаў і прапанаваў адправіць на Данбас беларускіх міратворцаў пры ўмове, што Уладзімір Пуцін і Пятро Парашэнка дамовяцца пра гэта.

«Я нават казаў абодвум прэзідэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разлічвайце на тое, што я чыйсьці буду. Я буду дакладна выконваць тое, пра што вы, два прэзідэнты, дамовіцеся: стаць паміж – я стану, дамовіцеся вывесці 10 тысяч узброеных сілаў Беларусі – мы паставім іх на мяжы, дзе вы скажаце», – прапанаваў Аляксандр Лукашэнка пасля таго, як аддаў свой голас на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у лютым 2018-га.

Hавiны
Лукашэнка гатовы даслаць на Данбас 10 тысяч беларускіх вайскоўцаў, «калі Пуцін і Парашэнка аб гэтым дамовяцца»
2018.02.18 12:58

№ 7

«Мы гатовыя ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць. Мы гатовыя зрабіць гэта толькі дзеля міру», – паўтарыў сваю прапанову кіраўнік Беларусі падчас Форуму рэгіёнаў у Гомлі, які адбыўся ў кастрычніку 2018 года.

ВІДЭА
Лукашэнка пра вайну на Данбасе: Мы гатовыя ўключыцца ў гэты канфлікт
2018.10.26 17:03

Пераможцаў у гэтай бойні не будзе

№ 8

«Я нядаўна сказаў Уладзіміру Уладзіміравічу. Чаго б ні каштавала, трэба нешта прыдумаць, каб пачаўся зваротны працэс – аднаўленне адносін. Пераможцаў у гэтай бойні не будзе», – распавёў Лукашэнка журналістам у лістападзе 2016 года.

Заваюем Украіну на трактарах

№ 9

«Мы ва Украіну на танках не паедзем, мы на трактарах туды паедзем. Гэта нашы браты, гэта славянскае адзінства, якое нікому не дазволена разбурыць», – сказаў падчас звароту да дэпутатаў V і VI склікання ў 2016 годзе. У тым жа звароце Лукашэнка паабяцаў Расеі вайсковае падтрыманне на заходнім кірунку.

Мяжа на замок

№ 10

«Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», – заявіў летась Лукашэнка падчас сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савету Бяспекі Станіславам Засем і старшынёй Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатолем Лапо.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў