МАЗ захаваў лідарства на «Дакары»


МАЗ Сяргея Вязовіча ў ваколіцах гораду Неом у Саудаўскай Аравіі падчас трэцяга этапу ралі «Дакар». 7 студзеня 2020 года. Фота – Florent Gooden / DPPI

Беларускі грузавік паспяхова прайшоў трэці этап, паказаўшы другі час. Каманда МАЗу захавала лідарства ў агульным заліку, паведаміла «Белсату» прэс-служба прадпрыемства.

Трэці этап ралі прайшоў у ваколіцах гораду Неом. Спецучастак расцягнуўся на вялікія 427 кіламетраў, а асноўную складанасць стваралі ўчасткі з камянямі і пяскамі. Па шляху гоншчыкам сустракаліся каньёны і горы, хоць уздым на вышыню не выклікаў цяжкасцяў для загартаваных яшчэ чылійскім высакагор’ем пілотаў.

МАЗ выдаткаваў на праходжанне спецучастку 4 гадзіны і 4 хвіліны, і прыйшоў да фінішу другім. Амаль на 5 хвілін менш пакінуў на трасе Андрэй Каргін з Расеі. На трэцім месцы – яго партнёр па камандзе Антон Шыбалаў з 11-хвілінным адставаннем.

МАЗ Сяргея Вязовіча ў ваколіцах гораду Неом у Саудаўскай Аравіі падчас трэцяга этапу ралі «Дакар». 7 студзеня 2020 года. Фота – DPPI

У агульнай класіфікацыі беларусы ўтрымліваюць першае месца з форай у 2 хвіліны.

«Спецучастак падзелены на тры часткі: першыя дзве былі нескладанымі, а фінальная была забойнай і вельмі павольнай. На самай справе вельмі рады, што праехалі без прыпынкаў, – распавёў пілот Сяргей Вязовіч. – Мы не спяшаліся, бо ў нас быў гандыкап».

Паводле беларускага пілота, на трасе яго дагнаў расеей Андрэй Каргін, які скарыстаўся магчымасцю «падрэзаць»: прасыгналіў – беларус яго прапусціў. Наступны ўчастак айчынная каманда стартавала ў 10 секундах за Каргіным і ехала, наколькі дазваляў пыл.

«Такі тэмп нас задавальняў – генеральную класіфікацыю мы захавалі без лішняга рызыкі», – дадаў Вязовіч.

МАЗ Аляксандра Васілеўскага прыйшоў шостым, прайграўшы пераможцу заезду 25 хвілін.

У абсалютным заліку экіпаж замыкае дзясятку і адстае ад лідара на 1 гадзіну 28 хвілін.

Аляксей Вішнеўскі завяршыў заезд на 19-й пазіцыі, выдаткаваўшы на 57 хвілін больш за пераможцу. У турнірнай табліцы ягоны экіпаж знаходзіцца на 14-м месцы са стратаю больш, чымся дзвюх гадзінаў у параўнанні з найлепшым вынікам.

У чацвёрты дзень экіпажы дабяруцца да старажытнага гораду Аль-Ула. Працягласць спецучастку для грузавікоў будзе яшчэ большай – 453 кіламетры. Маршрут уключае язду як па пяску, гэтак і па жвіры.

МАЗ Аляксея Вішнеўскага ў ваколіцах гораду Неом у Саудаўскай Аравіі падчас трэцяга этапу ралі «Дакар». 7 студзеня 2020 года. Фота – DPPI

Паводле прагнозу МАЗу, гоншчыкі змогуць набраць там высокі тэмп, але памылкі ў навігацыі істотна паўплываюць на вынікі.

  • Сёлетняе ралі «Дакар» упершыню праходзіць у Азіі: пасля 11 гадоў правядзення яго ў Паўднёвай Амерыцы імпрэзу прымае Саудаўская Аравія. Працягласць маршруту складае каля 8000 км, з чаго 5000 км складаюць спецучасткі. У гонцы бяруць удзел больш за 350 экіпажаў з усяго свету, каля 50 спаборнічаюць у класе грузавікоў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў