МАЗ у глыбокім мінусе, а «Газпрам трансгаз Беларусь» стаў самым прыбытковым ААТ у Беларусі


Пра гэта паведамляе Міністэрства фінансаў Беларусі.

Прыбытак «Газпрам трансгаз Беларусь» у студзені-чэрвені 2016-га склаў 1,55 трлн недамінаваных рублёў (каля $ 75 млн), «Беларуськалій» зарабіў амаль 1,3 трлн рублёў (каля $ 65 млн), «Мазырскі НПЗ» – каля 1 трлн рублёў ($ 50 млн), піша belapan,by.

У дзясятку самых стратных беларускіх ААТ па выніках першага паўгоддзя 2016-га ўвайшлі: Беларускі цэментны завод (чыстыя страты склалі 109,8 млрд рублёў), Барысаўскі мясакамбінат (124,6 млрд), «Бабруйскаграмаш» (133,9 млрд), «Амкадор» (142,3 млрд), «Светлагорскі ЦКК» (161,6 млрд), «Крычаўцэментнашыфер» (173,1 млрд).

У тройцы найбольш стратных ААТ апынуліся: «Краснасельскбудматэрыялы» (254,8 млрд), «Горадня Азот» (453,9 млрд) і Менскі аўтамабільны завод (593,6 млрд).

Паводле беларускіх эканамістаў, адмоўныя вынікі гаспадарчай дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў шмат у чым абумоўлены ростам абавязацельстваў, звязаных з валютнымі крэдытамі.

«Крэдыты пад мадэрнізацыйныя праекты нярэдка прыцягваліся ў замежнай валюце, адпаведна, абавязацельствы прадпрыемстваў пасля дэвальвацыі істотна павялічыліся. У той жа час да чаканага росту эфектыўнасці мадэрнізацыя не прывяла, і таму сёння шматлікія прампрадпрыемствы ў стратах», – мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Зміцер Крук.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў