МАЗ паставіў больш за тысячу аўтобусаў у Расею да чэмпіянату свету па футболе


Адзін з аўтобусаў, якія перадалі ў Самару

Менскі аўтазавод за апошнія тры гады паставіў больш за тысячу аўтобусаў у расейскія гарады, якія з 14 чэрвеня па 15 ліпеня будуць прымаць чэмпіянат свету па футболе.

Адзін з апошніх кантрактаў разлічаны на пастаўку 100 аўтобусаў МАЗ-206 у Самару – адзін з гарадоў, дзе будуць праводзіцца матчы чэмпіянату свету.

З нагоды вялікай спартовай імпрэзы аўтобусы МАЗ закупілі 10 расейскіх гарадоў, у тым ліку Масква і Санкт-Пецярбург, паведамляе прэс-служба заводу.

Нізкападлогавы аўтобус МАЗ 206 абсталяваны 218-моцным рухавіком «Mercedes-Benz» экалагічнага класа Еўра-5 і шасціступеньчатай каробкай перадач «Allison». У салоне 24 сядзенні для пасажыраў і месца для інваліднага вазка, у якое можна заехаць у салон з дапамогай пандуса, які высоўваецца.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары