«Маўчанне Пуціна аб Украіне не кажа пра тое, што нічога не робіцца»


Украіна ўсё радзей становіцца «цвіком праграмы» выданняў навінаў на расейскім тэлебачанні, а Уладзімір Пуцін усё радзей згадвае паўднёвую суседку ў сваіх выступах. Праблемы, якія раней хвалявалі расейскае кіраўніцтва, нібыта зніклі: журналісты і чыноўнікі пагрузіліся ў маўчанне. Ці гэта значыць, што Данбас хутка ізноў станецца паўнавартасна ўкраінскім? Колькі Украіна выдаткавала на вайну? Якую ролю ў канфлікце грае Беларусь? У інтэрвʼю belsat.eu на гэтыя пытанні адказвае вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Вайна і грошы: хтосьці зарабляе, хтосьці – выдаткоўвае

– Колькі Украіна выдаткавала на вайну?

– Яны кажуць, што ў іх сыходзіць больш за 3% ВУП (каля $ 600 млн. – аўт.) Але на маю думку, гэтая сума не зусім адпавядае рэчаіснасці – трэба ўлічыць кошт матэрыяльна-тэхнічных рэзерваў, назапашаных у савецкія часы і пасля іх. Я мяркую, агульная сума за час канфлікту – як мінімум, $ 3-5 млрд. толькі новых коштаў, не ўлічваючы запасы. Ёсць яшчэ выдаткі прыватных асобаў, розных валанцёраў – думаю, гэтыя сумы ў раёне $ 800 млн.

– З аднаго боку, кажуць, што Беларусь гандлюе з сепаратыстамі, а з другога – што Беларусь актыўна дапамагае пераўзбройвацца Кіеву. Дык якую ролю грае нашая краіна?

– Я думаю, на ўзроўні канкрэтных асобаў, спекулянтаў, дробных юрыдычных асобаў ідзе гаспадарчая дзейнасць паміж Данбасам і Беларуссю. З тэрыторыі Беларусі туды паступаюць прадукты харчавання, магчыма, нейкія прамтавары працяглага карыстання. Адтуль, магчыма, пранікае зброя, боепрыпасы і нейкія рэчы, атрыманыя незаконна – праз рабунак. Але гэта не адлюстроўвае дзяржпалітыкі: Лукашэнка, падобна, больш сімпатызуе Кіеву, чым прарасейскаму Данбасу – ён баіцца, што з ім могуць паступіць аналагічным чынам.

Я не веру ў сувязь Беларусі і «ЛНР» – «ДНР» на ўзроўні кіраўнікоў.

– На вашую думку, ці можна ў нашай краіне на ўзроўні хоць і дробных юрыдычных асобаў ажыццяўляць такі сурʼёзны гандаль без заступніцтва ўладаў?

– У кожную фірму ўлезці немагчыма, і па падробленых дакументах, дзе можна прасачыць паходжанне тавару. У Беларусі можна рэалізаваць атрыманы незаконным шляхам тавар. Сапраўды таксама і з Расеі завозіцца кантрафактная і крадзеная прадукцыя. Гэтак жа і наадварот.

«Паездкі Лукашэнкі ўва Вʼетнам. Туркменістан – спроба ўціснуць лішніх 500 трактароў і 1000 аўтамабіляў»

– А што да справаў Менску з Кіевам?

– Прасочваецца піяр-акцыя з боку Кіева: адкалоць Беларусь ад Расеі. Укідваецца інфармацыя пра тое, што ці то Беларусь рамантуе ўкраінскія знішчальнікі, ці то дапамагае ў вытворчасці бранятанкавай тэхнікі, ці то пастаўляе ўзбраенне. Але, часцей за ўсё, гэта тавары двайнога прызначэння. Напрыклад, украінцы ўвозяць аўтамабілі «МАЗ» і адаптуюць іх для мэтаў Нацгвардыі, таму што гэтыя машыны лепшыя за ўкраінскія «КраАзы».

Казаць пра тое, што свядома Беларусь спрыяе ўзбраенню Украіны, нельга. Рухавікі пастаўляюць, напрыклад, такія, якія можна ўсталёўваць і на ваенную тэхніку, і на камбайны. Нельга адназначна заявіць, што Украіна атрымлівае ад Беларусі ваеннае падтрыманне: гэтыя ўкіды накіраваныя на раскол адносінаў Беларусі ды Расеі, і гэта нармальная палітыка Кіева.

Улічваючы вайсковы патэнцыял Украіны, я думаю, мае месца акурат адваротны рух – Украіна садзейнічае рэалізацыі беларускіх праектаў па ўзбраенні.

– А як сімпатыі да Кіева суадносяцца з «адвечнай брацкаю любоўю» да Расеі?

– Украіна – наш другі імпарцёр складанай прамысловай прадукцыі. Акурат той, якая сёння горш за ўсё прадаецца. Кожны пакупнік цяпер настолькі цэнны, што Лукашэнка сам ездзіць па свеце і прадае – ува Вʼетнам, Туркменістан. Гэта як раз і ёсць спробы ўціснуць тыя 500 або 1000 аўтамабіляў. Таму Украіна, якая набывае вельмі сурʼёзныя колькасці сельгастэхнікі і аўтамабіляў – другі пасля Расеі наш пакупнік, а Данбас у гэтым плане для нас нішто.

Не ведаю, што ў Лукашэнкі ў душы, але ён, рызыкуючы пасварыцца з Пуціным, працягвае лаяльна ставіцца да кіеўскага ўраду.

– Як вы лічыце, што ў Беларусі будзе з добраахвотнікамі, ваярамі на Данбасе з абодвух бакоў?

– Арыштаваны на вакзале чалавек, напрыклад, дэманстратыўна правакаваў. У яго была зброя, выбухоўка, бронекамізэлька. Калі чалавек не засвяціўся ў СМІ, не рабіў правакацыйных фотаздымкаў, а проста ўдзельнічаў у баявых дзеяннях і вярнуўся – думаю, гэта застанецца без асаблівых наступстваў, проста заплюшчаць вочы.

Ва Украіне рэалізавалася то супрацьстаянне, якое ёсць у Беларусі: людзі пэўных палітычных поглядаў проста занялі там тыя бакі, якія ім адпавядаюць. А ў Беларусі гэты канфлікт не набыў вострай узброенай формы – у нас усё абмежавана слоўнымі баталіямі».

– З пункту гледжання беларускіх уладаў ці не будзе лічыцца злачынствам паездка кудысьці ваяваць?

– Калі будуць юрыдычна, дакументальна зафіксаваныя факты злачынстваў – улада не зможа гэта абмінуць. Але ў нас жа бязвізавы рэжым, і самое перамяшчэнне туды не зʼяўляецца парушэннем закона. Гэткі пераслед не ў інтарэсах уладаў – яны спрабуюць дэманстраваць усялякі нейтралітэт і Кіеву, і Маскве.

Пуцін ладзіць новую фазу вайны ва Украіне?

– Радзей, але ўсцяж прыходзяць паведамленні пра сутычкі на Данбасе: якая там сёння расстаноўка сілаў, якая зброя ёсць у бакоў?

– Абодва бакі ўважліва сочаць адзін за адным. У асноўных відах узбраення (танкі, артылерыйскія сістэмы, сістэмы рэактыўнага залпавага агню) – прыкладная раўнавага: чагосьці ў кагосьці крыху больш, чагосьці – менш. Тое, што паўстанцы страцілі ў баі, ім кампенсавала Расея, таму што ў яе вельмі вялікія склады рэзервовай тэхнікі. А ўкраінская прамысловасць цяпер працуе на поўніцу, аператыўна рамантуючы пашкоджаную тэхніку і пастаўляючы новую.

– Гэта значыць, у любы момант усё падрыхтавана для новых выбухаў паўнавартаснае вайны?

– Думаю, адсоткаў на 70-80. І гэтая колькасць можа дазволіць разгарнуць досыць актыўныя баі.

– Апошнім часам Пуцін не кажа пра Украіну, у сувязі з чым сталі зʼяўляцца думкі, што Данбас зараз станецца паўнавартасна ўкраінскім.

– Не. Я мяркую, што Пуцін, як стары выведнік, нічога не робіць проста так. І гэта дэманстратыўнае замоўчванне, хутчэй за ўсё, можа пазначаць нейкую актыўнасць на тэрыторыі Украіны. Нежаданне прыцягваць міжнародную грамадскую думку – гэта яшчэ не значыць, што там нічога не робіцца.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў