Маці Уладзіміра Кондруся пра сына: Несправядлівасці не цярпіць (+ каментар праваабаронцы)


Родныя Уладзіміра Кондруся, які сёння спрабаваў у знак пратэсту ў судзе ўскрыць сабе вены, падкрэсліваюць, што ён вельмі спагадлівы чалавек, які не любіць маны ды подласці.

«Несправядлівасці не цярпіць і ніколі не падманвае, не любіць гэтага, – заўважыла «Белсату» Галіна Кондрусь, маці Уладзіміра Кондруся. – Несправядлівасці, несумленнасці – гэтага ўсяго не зносіць. А так нармальны, добры наагул, спагадлівы».

Галіна Кондрусь перакананая, што ейнага сына пераследуюць толькі за тое, што ён не згодны з той сістэмай, якая цяпер пануе ў Беларусі.

Сястра Уладзіміра Кондруся Ірына са слязамі на вачах заўважыла, што пасля таго, як Уладзімір спрабаваў ускрыць сабе вены, абвінаваўца выйшла з залы суда з усмешкай на твары: «Мне здавалася, што яна цэлую гадзіну не вяртаецца назад толькі праз тое, што яе вельмі рассмяшыла ўсё гэта».

Дэталі справы Уладзіміра Кондруся «Белсат» абмеркаваў з вядомым праваабаронцам Гары Паганяйлам:

Уладзімір Кондрусь – апошні вязень «Плошчы-2010» на знак пратэсту ў судзе спрабаваў парэзаць сабе вены. Яго накіравалі на комплексную судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

Уладзіміра Кондруся вінавацяць ва ўдзеле ў «закалотах» каля Дому ўраду ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года паводле артыкулу 293 КК («масавыя беспарадкі») – таго, па якім у 2011 годзе асудзілі 49 чалавек. Апошняга з палітвязняў па гэтай справе, экс-кандыдат Мікалай Статкевіч, Лукашэнка памілаваў 22 жніўня 2015 года. Акрамя Кондруся фігурантам гэтай справы застаецца таксама экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, у дачыненні да якога справа неаднаразова адцягвалася.

Кондруся арыштавалі 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання. Пасля затрымання ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску.

Каля трох месяцаў таму затрыманы абвясціў, што будзе галадаваць, але пасля таго як стан яго здароўя моцна пагоршыўся (Кондрусь не мог нават хадзіць), яго перавялі ў турэмны шпіталь, дзе ён спыніў галадоўку па рэкамендацыі лекара і па просьбах родных.

Беларускія праваабаронцы прызналі Кондруся палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў