Маці трох дзяцей з Віцебску пасля разводу сышла ў дальнабойніцы


Шматдзетная маці Святлана Белавусава з Віцебску мае эканамічную і педагагічную адукацыю, працавала выкладчыкам ды мела сямейны бізнес. А цяпер маці трох дзяцей працуе ў незвычайнай прафесіі для жанчынаў – кіроўцам у міжнародных перавозках. Пра тое, як гэта быць дальнабойніцай, яна распавяла карэспандэнтам «Белсату».

Святлана Белавусава адзначае, што прыйшла ў прафесію спантанна. Пасля разводу, калі трэба была шукаць працу, каб аплаціць даўгі і зарабіць на гадаванне дзяцей. Стаць дальнабойніцай вырашыла таму, што ў прафесіі годныя заробкі, хоць і працаваць цяжка. Цяпер яна можа дазволіць набыць не толькі «тое, на што хапае, а тое, што сапраўды хочацца».

Увогуле ж кіраваць аўтамабілямі і наведваць розныя краіны Святлана любіць, а свой стаж кіроўцы адлічвае ўвогуле з 12-і гадоў, калі ўпершыню села за стырно бацькоўскага «Масквіча».

«Я вельмі ўдзячная сваім калегам, якія, дзякуй Богу, з разуменнем ставяцца да таго, што я навічок у гэтай прафесіі. Я, апроч таго, і дзяўчынка. І дальнайбойная дапамога ўсё-такі ёсць», – гаворыць кіроўца.

Разам з тым яна прызнае – быць кіроўцам не заўсёды бяспечна. Нават на платных стаянках могуць зліць паліва, парэзаць тэнт, залезці ў прычэп, ускрыць кабіну, атруціць газам. Таму даводзіцца спаць апранутай, побач класці металічную рыдлёўку, вагой некалькі кілаграмаў.

«Вядома, цяжка пакідаць дзяцей дома, іх даглядае бабуля, старэйшы брат дапамагае выхоўваць, але, вядома, дзецям патрэбная мама», – адзначае жанчына.

Быць штодня з дзецьмі ёй дапамагаюць сацыяльныя сеткі. А ўжо дома Святлана спрабуе як мага больш часу праводзіць з сям’ёй, наведваць розныя імпрэзы, спартыўныя падзеі.

Hавiны
Жанчыны наступаюць: як жывуць зваршчыца, дальнабойніца і кіроўца бетонамяшалкі
2019.01.18 17:35

Пра асаблівасці здымак сюжэту распавяла ягоная аўтарка Алена Шабуня.

«З аднаго боку жанчын-дальнабойніц у Беларусі мала і цікава пачуць, як яны працуюць, наколькі гэта цяжкая праца для жанчыны. З іншага боку сітуацыя стандартная ў Беларусі са шматлікімі разводамі і з тым, што часцей пасля разводу маці самі ўтрымліваюць матэрыяльна сваіх дзяцей. Бацькі ці не працуюць зусім і ім няма чаго даць, ці, як у гэтым выпадку, бацька застаўся заможным, меў сваю фірму, некалькі машын, але дзяцей не ўтрымліваў», – адзначыла аўтарка.

Агулам здымкі сюжэту пра Святлану цягнуліся каля тыдню. Але яны былі расцягнутыя па часе, бо былі звязаныя са спецыфікай працы гераіні.

  • Вытворчасць гэтай прадукцыі падтрымаў «OPEN Media Hub» на сродкі Еўрапейскага Звязу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў