Маці-328 запрасілі да генпракурора, а потым адмянілі запрашэнне. Галадоўка працягваецца


Пасля таго, як жанчыны з «Руху маці 328» пабывалі на прыёме ў Адміністрацыі прэзідэнта, іх запрасілі на 4 траўня да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Як паведаміла belsat.eu адна з удзельніц галадоўкі Тацяна Канеўская, сёння ёй патэлефанавалі з Генпракуратуры і папярэдзілі, што сустрэча «перанесеная».

«Сакратарка сказала – генпракурор цяпер у камандзіроўцы. Яны не адмянілі сам прыём, а проста перанеслі. Паабяцалі патэлефанаваць і запрасіць, адразу калі той вернецца ў Менск», – распавяла жанчына.

Цяпер 7 жанчын у Калінкавічах і яшчэ 7 у Пухавіцкім раёне працягваюць галадоўку. Яны нічога не елі ўжо амаль тыдзень. Адной з маці-328 – Людміле Піменоўскай – зрабілася блага: у жанчыны сталага веку пачаліся праблема з ціскам, таму ад заўтра яна пачне прымаць ежу і вернецца дадому.

«Тое, што мы прыехалі ў Адміністрацыю прэзідэнта – гэта толькі маленечкі крок на шляху да нашай мэты – змякчэння пакарання нашым блізкім. Нам хочацца верыць, што Качанава нас не падманула і законапраект неўзабаве патрапіць на разгляд да дэпутатаў», – гаворыць спадарыня Тацяна.

Тым часам у Віцебску дзве жанчыны спрабавалі перадаць мясцовым уладам заяву аб пачатку галадоўкі. Аднак па дарозе ў выканкам заяўніцу Наталлю Шарыпа спынілі людзі ў цывільным. Каб не правакаваць канфлікту, яна вярнулася дадому. Такім чынам, віцебскія Маці-328 галадаваць пакуль не пачалі.

Жанчыны з аб’яднання «Рух маці 328» у Горадні папярэдзілі ўлады, што пачнуць галадоўку з наступнага тыдня, удзел у ёй возьмуць 8 асобаў.

***

Нагадаем, з 27 красавіка сваячкі асуджаных па «наркатычным» артыкуле 328 КК трымаюць галадоўку ў Пухавіцкім раёне і ў Калінкавічах. Яны дамагаюцца зменаў у заканадаўства, якія б дазволілі скараціць турэмныя тэрміны іхным блізкім. Акрамя таго, яны патрабуюць асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама стварэння камісій для пераразгляду крымінальных спраў па 328-м артыкуле. 2 траўня жанчын прыняла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава – яна паведаміла ім, што законапраект фактычна гатовы, але працэс «тармазяць» сілавыя структуры. У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам катэгарычна адмовілі. У адказ тыя працягнуць галадаваць.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў