Маці-328 ізноў ідуць у Палату прадстаўнікоў


Сваякі асуджаных паводле гэтак званага антынаркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу збіраюцца 10 красавіка зноў наведаць Палату прадстаўнікоў, каб абмеркаваць планаваныя змены ў артыкул. Пра гэта belsat.eu паведаміла адна з актывістак Таццяна Канеўская.

«Недзе аб 11:30 мы будзем каля Палаты прадстаўнікоў. Там у нас сустрэча з журналістамі. Потым мы хочам зайсці ў Палату прадстаўнікоў каля 12:00. А 14:00 нас запрасілі ў працоўную групу», – распавяла суразмоўца.

Маці асуджаных паводле 328 артыкулу КК. Фота belsat.eu

Запрашэнне на пасяджэнне працоўнай групы сваякі асуджаных атрымалі 9 красавіка, але хто дакладна таму будзе прысутнічаць, невядома. «Зацікаўленыя ведамствы», – паведаміў актывістам дэпутат Васіль Чэкан.

Абноўлена
«Маці 328»: у цэнтру Менску сваякі асуджаных патрабуюць сустрэчы з уладамі
2019.04.02 11:14

На пасяджэнні сваякі асуджаных плануюць пераканаць прадстаўнікоў МУС зацвердзіць праўкі ў артыкул 328 КК, якія прадугледжваюць зніжэнне па частках 2 і 3 артыкулу на два гады ніжніх межаў магчымага зняволення, каб яны былі прынятыя ўжо ў межах гэтай сесіі.

Таксама актывісты плануюць удакладніць пытанні па амністыі для асуджаных па антынаркатычным артыкуле. Як адзначыла Таццяна Канеўская, на сустрэчы 2 красавіка старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянцін Міхневіч паведаміў, што амністыя закране асуджаных па частках 1 і 2 артыкулу 328 КК ды няпоўнагадовых, асуджаных па 3-ай частцы артыкулу.

Аб’ектыў
Палата прадстаўнікоў адмовіла руху «Маці 328». «Наркатычны» артыкул не зменяць
2019.04.02 22:44

«Мімаходзь было кінута, што закране асуджаных першы раз. Але гэта было настолькі мімаходзь, што сёння хацелася б гэта ўдакладніць», – падкрэсліла Таццяна Канеўская.

Антынаркатычны дэкрэт прынялі ў 2014 годзе. Трэцяя частка артыкула 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 15 гадоў абмежавання волі. Пад суд могуць трапіць нават няпоўнагадовыя. Сваякі абвінавачаных і праваабаронцы лічаць гэткія захады занадта жорсткімі. Маўляў, усю моц дэкрэту на сябе адчулі не распаўсюджвальнікі, а карыстальнікі наркотыкаў.

Праваабаронца Станіслаў Цыбінскі «Беларускі цэнтр падтрымання», выступае за рэсацыялізацыю былых зняволеных. Фота belsat.eu

Сваякі асуджаных патрабуюць, каб у закон былі ўнесеныя змены. Але распрацаваны Саўмінам адпаведны законапраект быў у 2018 годзе забраны з Палаты прадстаўнікоў на дапрацоўку і так назад не вярнуўся.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў