Матэўш Маравецкі: Газаправод «Паўночная плынь – 2» – новая расейская гібрыдная зброя


Пра гэта ён заявіў падчас выступу ў польскім Сейме ў апошні дзень працы парламенцкай асамблеі НАТО, на якой прысутнічалі важныя польскія палітыкі: прэзідэнт Дуда, прэм’ер-міністр Матэуш Маравецкі, міністр замежных справаў Яцэк Чапутовіч.

«Надыходзячы саміт у Бруселі павінен быць вяршыняй кансалідацыі і падсумаваннем нашых намаганняў. Мы шмат чаго дамагліся, але мы патрабуем яшчэ больш актыўнасці, больш эфектыўнасці і большай аператыўнасці рэагаваць на выклікі, якія стаяць перад намі», – сказаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі.

Адзін з іх, на яго думку, будаўніцтва расейскага газаправоду Норд Стрым-2, які будзе пастаўляць газ па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну.

«Норд Стрым – 2 з’яўляецца пагрозай для энергетычнай бяспекі і салідарнасці Еўропы, гэта новая гібрыдная зброя, нацэленае на ЕЗ і НАТО, гэта атручаная таблетка еўрапейскай бяспекі. Норд Стрым-1 дазволіў Расеі сабраць сродкі для развіцця войска, а пазней агрэсіі супраць Грузіі ды Украіны», – адзначыў ён у сваім выступе.

Прэм’ер-міністр Польшчы падзякаваў саюзнікам за іх уклад у забеспячэнне бяспекі і высока ацаніў рашэнне аб размяшчэнні войскаў у рэгіёне.

Чапутовіч: Адносіны Расея-НАТО ў глыбокім крызісе

Міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч назваў Расею крыніцай небяспекі для краін Альянсу.

Ён таксама ўзняў пытанне дачыненняў НАТО з Расеяй, якія, паводле яго, «застаюцца, на жаль, у глыбокім крызісе». Чапутовіч назваў паводзіны Масквы агрэсіўнымі і даводзіў, што не бачыць прычыны для змены пазіцыі Альянсу пад назвай «кампраміс Варшавы», які азначае паслядоўнае адпужванне Расеі і адначасовая гатовасць да дыялогу, у залежнасці ад змены паводзінаў на міжнароднай арэне».

Міністр замежных справаў заявіў, што не варта ўпускаць з-пад увагі ў перамовах з Расеяй нязручныя для яе тэмы – як анексія Крыму, вайны ў Данбасе, або «нявырашанае пытанне аб вяртанні абломкаў польскага Ту-154».

ЯБ www.belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары