«Матч за чэмпіёнства»: У футбольным чэмпіянаце «Шахцёр» прымае менскае «Дынама»


Лідар чэмпіянату «Шахцёр» сёння прымае ў Салігорску менскае «Дынама», якое ідзе на другім месцы.

У межах 25 туру чэмпіянату Беларусі па футболе сёння пройдзе вельмі важны матч, у якім згуляюць каманды, якія займаюць два вышэйшых радкі ў табліцы.

Ракавая памылка, якая вызначыць чэмпіёна?

Барацьба за чэмпіёнства абвастрылася пасля таго, як кантрольна-дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футболу пазбавіў барысаўскі БАТЭ 3 ачкоў, залічыўшы тэхнічную паразу (0:3) у матчы супраць «Слуцку». Менавіта пасля гэтага рашэння менскія «дынамаўцы» падняліся на другое месца.

Клуб з Барысава пазбавілі ачкоў нібыта за тое, што брамнік Сяргей Вярэмка не аплаціў своечасова накладзены на яго пасля дыскваліфікацыі штраф.

Пры гэтым выявілася, што футбаліст усё ж спрабаваў за дзень да гульні са «Слуцкам», на якую яго ў выніку заявіў барысаўскі клуб, перавесці грошы на рахунак, што пацвярджае аплатнае даручэнне. Грошы на рахунак федэрацыі не дайшлі, што і стала прычынай пазбаўлення БАТЭ ачкоў. Пры гэтым, у рахунку для аплаты, які прадаставіла федэрацыя футболу, была пэўная памылка.

Такім чынам, на дадзеным момант «Шахцёр» з 56 ачкамі займае першае месца, «Дынама» (Менск) – другое (52), БАТЭ – трэцяе (51).

У яшчэ адным сённяшнім матчы «Іслач» прымае «Крумкачы».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, фотаздымак са старонкі ў «Вконтакте» ФК «Шахцёр»

Стужка навінаў