Мастацтва без абмежаванняў. Арт-тэрапія – не панaцэя, але гэта працуе


Сучасны свет патрабуе ад людзей шмат намаганняў дзеля ўласнай сацыялізацыі. Асабліва складана людзям, якія маюць псіхічныя асаблівасці. Адзін з варыянтаў для аблягчэння сацыялізацыі – арт-тэрапія, якая часта дапамагае такім пацыентам у пошуках жыццёвага шляху. Belsat.eu пагутарыў з адмыслоўцамі, якія працуюць у дабрачынных праектах, прысвечаных арт-тэрапіі.

Наталля Гайдук працуе ў псіханеўралагічным доме ўжо пяць гадоў. Цяпер яна знайшла падыход да пацыентаў і з радасцю ім дапамагае, але пачыналася ўсё не так лёгка.

Фота belsat.eu

«Гледзячы на гэтых людзей, адчувала няёмкасць, чамусьці было сорамна. Няпроста прымусіць сябе ўспрымаць хворых як звычайных людзей. Аднак на трэці дзень працы ўсё прайшло, нават наадварот – зʼявілася пачуццё спакою», – кажа яна. Паводле Наталлі, адаптавацца ёй самой дапамагла шчырасць пацыентаў:

«Звычайныя людзі часцяком хаваюцца пад маскамі. А ў псіханеўралагічным цэнтры трапляеш у асяродак шчырых людзей».

Важнай праблемай Наталля лічыць стаўленне грамадства да людзей з псіхічнымі асаблівасцямі. Нават ейныя дочкі, якіх жанчыне перыядычна даводзілася браць з сабой на працу, рэагавалі неадназначна.

Справка
2 красавіка Сусветны дзень распаўсюду інфармацыі аб праблеме аўтызму.
Справка
Аўтызм – асаблівасць псіхічнага развіцця, якая ўзнікае ў выніку парушэнняў развіцця галаўнога мозгу, характарызуецца дэфіцытам сацыяльнага кантакту і адносінаў, абмежаванымі інтарэсамі ды аднатыпнымі, паўторнымі дзеяннямі. Выяўляецца звычайна ў трохгадовым узросце.

«Калі я першыя разы прыязджала працаваць у інтэрнаты, то брала з сабой трохгадовую дачку. І дзіця выключна добра ставілася да пацыентаў, а тыя – да дачкі. Яны разам гулялі, малявалі і ніякіх праблемаў не ўзнікала. Аднак старэйшая дванаццацігадовая дачка ў сваёй першай і адзінай паездцы была напалоханая: яна не адыходзіла ад мяне на тэрыторыі лякарні.

Фота belsat.eu

Гэтаксама адбываецца і ў грамадстве – калі чалавек пазбаўлены стэрэатыпаў, то ніякіх праблемаў не ўзнікае. А калі яму распавялі жахі пра варʼятаў, калі ўсе робяць выгляд, што такіх людзей няма, а калі ёсць, то яны павінныя быць у жорсткай ізаляцыі, – вось тады пачынаюцца цяжкасці».

Грошы на падтрыманне дабрачыннага праекту валанцёры атрымалі ад польскіх прадпрымальнікаў. Аднак Наталля не хоча называць іхных імёнаў, каб не выклікаць спрэчную рэакцыю ўладаў. Бо інтэрнаты і лякарні – дзяржаўныя ўстановы, але дзяржава не выдаткоўвае дастаткова сродкаў з бюджэту на гэткія праекты і не надта вітае прыватную ініцыятыву.

«Мой знаёмы здымаў фільм пра хворых, атрымаўся вельмі мілы кліп, выклалі ў сеціва. Даведаўся дырэктар інтэрнату, запатрабаваў выдаліць гэты кліп, і больш майго знаёмага на тэрыторыю не прапускалі», – прыводзіць прыклад валанцёрка.

Праблемы з добрымі справамі

Посуд, выраблены пацыентамі, прадаецца на кірмашах або адпраўляецца ў крамы. Звычана шукаюцца бясплатныя ці дабрачынныя імпрэзы, на якіх есць магчымасць не толькі прадаць посуд, але і знайсці іншых спонсараў. Для ўдзелу едуць у Менск або прадаюць усё на кірмашах у раённых цэнтрах.

Фота belsat.eu

Але пасля ўдзелу ў кірмашах ад дыспансераў запатрабавалі строгую справаздачнасць. Наталля перадае словы адной з працаўніц:

«Пра колькасць прададзенага, пра выкарыстаныя матэрыялы трэба даваць справаздачу. Вядома, мэта – атрыманне прыбытку. Але гэта ж тэрапія, а не бізнес, адсотак браку вялізарны! А некаторыя інтэрнаты мусяць атрыманы ад продажу прыбытак пусціць не на набыццё новых матэрыялаў для арт-тэрапіі, а на мыла і туалетную паперу».

Шлях да арт-тэрапіі

Майстар керамікі Ганна Яленская займаецца з дзецьмі з дыягназам аўтызм. Шлях у дабрачынную арганізацыю быў для яе выпадковы:

«Упершыню сутыкнуўшыся з людзьмі, якія маюць адхіленні ў разумовым развіцці, я ўсвядоміла, што магла б ладзіць майстар-класы». Гэтая праца прыносіць Ганне, паводле яе словаў, больш задавальнення, чымся праца з людзьмі без дыягназу:

«Чаканні ад дзяцей з такімі праблемамі не вельмі вялікія. Важна разумець, што гэтыя людзі не могуць паводзіць сябе па-іншаму. А са звычайнымі людзьмі часцей хвалюешся, бо чакаеш ад іх большай увагі, пільнасці», – тлумачыць Ганна.

Працу з аўтыстамі Ганна лічыць важнай і перспектыўнай. Майстэрня, якая вырабляе посуд, пад пастаянным кантролем майстроў і педагогаў – добрая ідэя, лічыць яна. Аднак даводзіцца сутыкацца з дзвюма асноўнымі праблемамі: брак фінансавання і нізкая інфармаванасць грамадства.

«Не ўсе людзі разумеюць, чаму рэчы, створаныя рукамі, каштуюць даражэй. На жаль, шмат хто не бачыць нічога асаблівага ў арыгінальных творах дзяцей з аўтызмам».

Ганна шкадуе, што некаторыя блізкія пацыентаў не заўжды ўсведамляюць, наколькі тыя асаблівыя і якога падыходу патрабуюць:

«Пра што казаць, калі некаторым маці няёмка за дыягназ свайго дзіцяці? Толькі прыняцце грамадствам асобаў з аўтызмам як дадзенасць можа дапамагчы сацыялізацыі апошніх і дазволіць разлічваць на годнае спонсарскае падтрыманне для неабыякавых валанцёраў».

Мы не бачым людзей з разумовымі і псіхічнымі праблемамі на дварэ, нічога пра іх не чуем, калі не працуем у гэтай сферы. Натуральна, існуе нямала праектаў, што займаюцца пытаннямі адаптацыі, падтрымліваючы семʼі і людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Але асноўная праблема не змяняецца – стаўленне грамадства застаецца ранейшае. Пытанне адаптацыі да сучаснага жыцця не стаіць, пакуль бацькам сорамна за дыягназ дзіцяці, а дырэктар не хоча, каб нехта старонні ўбачыў ягоных падапечных.

Hавiны
«Калі ты крыкнеш – яно пачынае мяняцца». Вялікая размова з Ганнай Хітрык
2019.02.07 15:23

СТ belsat.eu

Стужка навінаў