Мастака, што зладзіў аголеную акцыю, судзіць не будуць


Аляксей Кузьміч падчас акцыі «Шчыт або Міністэрства Фалакультуры». Фота www.facebook.com/kuzmich.alexei

Адміністрацыйная справа супраць Аляксея Кузьміча, мастака, які зладзіў аголеную акцыю 3 кастрычніка, на адкрыцці выставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ), так і не дайшла да суда. Тэрміны, цягам якіх мастака маглі прыцягнуць да адказнасці, закончыліся, паведамляе Аляксей Кузьміч у сваім Facebook.

«Учора быў апошні дзень, калі яны маглі прад’явіць нейкае абвінавачванне, паколькі прайшло два месяцы і паводле закону тэрміны прайшлі. Суд і МУС, мне падаецца, што намагалі не даводзіць справу да разгляду. Магчыма, што пэўныя асобы сочаць за маёй актыўнасцю ў сацсетках і пабачылі, што я знайшоў адваката, маю падтрыманне з боку людзей, якія б засведчылі, што гэта мастацтва, а не хуліганства. Таму каб не дыскрэдытаваць сябе, справу не разглядаць», – распавёў «Белсату» мастак Аляксей Кузьміч.

3 кастрычніка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі мастак Аляксей Кузьміч зладзіў перформанс. Ён прыйшоў на адкрыццё выставы цалкам голы, з шыльдай «Міністэрства культуры» на палавым органе. Такім чынам Кузьміч выказаў пратэст супраць цэнзуры, з якой сутыкаецца мастак пры намеры дэманстрацыі свайго мастацтва на пляцоўках дзяржаўных арт-інстытуцыяў.

У выніку НЦСМ звярнуўся ў міліцыю з заявай, у якой адзначыў, што дзеянні мастака абражаюць Міністэрства культуры Беларусі і «пацягнулі значную шкоду дзелавой рэпутацыі цэнтру». Але на просьбу супрацоўнікаў НЦСМ міліцыянты адмовіліся заводзіць крымінальную справу. Пазней, 9 лістапада, на мастака паступіла ў міліцыю яшчэ адна заява. Яе склаў нехта Кавалёў, які сам не быў на акцыі, але палічыў, што ўчынак Кузьміча стаў цынічнай дэманстрацыяй непавагі да грамадства.

Hавiны
Мінкульт намагаецца пакараць мастака Кузьміча за аголеную акцыю
2019.11.25 15:43

СК belsat.eu

Стужка навінаў