Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч: «Я намаляваў фалас на бюлетэні як сімвал галоўнага чалавека краіны – прэзідэнт»

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч. Фота: Максім Вайціцкі / «Белсат»

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч у дзень выбараў прэзідэнта 9 жніўня зладзіў акцыю – на выбарчым участку і перад шарэнгай АМАПа. Пасля гэтага пабываў у камеры РУУС і ў ізалятары на Акрэсціна. Паводле яго слоў, яму давялося пакінуць Беларусь праз тое, што там збіраюцца фабрыкаваць на яго справу па артыкуле, звязаным з парнаграфіяй. У Кіеве з ім сустрэлася журналіст «Белсату» Марына Ступак.

– У дзень выбараў вы прыйшлі на выбарчы ўчастак, на бюлетэні намалявалі чырвоным колерам фалас, прымацавалі на грудзі і так прастаялі некаторы час. Навошта?

– Гэта была акцыя, яна называлася «Веру» альбо «Філістэрскі свет палітычных жывёл». Яна была прымеркавана да дня выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І яна разважала на тэму дэмакратыі, на тэму абрання лідэра дзяржавы. Я праводзіў паралелі з рэлігійнай тэматыкай (Кузьміч стаяў у вобразе ўкрыжаванага Хрыста – рэд.) і архаічнай супольнасцю. То бок, калі чалавек успрымае лідэра як нейкае бажаство. Але насамрэч палітык прыходзіць да ўлады, каб праявіць сваю дамінантнай. Гэта такі чыста жывёльны пачатак –імкненне да ўлады. Прэзідэнт – ён падобны да галоўнага бабуіна, дзе выяўляецца максімальная дамінантнасць. А што такое дамінантнасць у жывёльным свеце – гэта фалас. Гэта значыць, груба кажучы, у каго самы вялікі фалас, той і галоўны дамінант зграі. Таму я намаляваў фалас на бюлетэні як сімвал галоўнага чалавека краіны прэзідэнта. У мяне першапачаткова быў такі план – сысці з выбарчага ўчастка без затрымання, каб правесці потым вечарам другую частку акцыі.

– Якую?

– Перад шарэнгай АМАПа і спецтэхнікі яе атрымалася зрабіць, падчас акцыі пратэсту, якая была ўвечары пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Гэта значыць я выйшаў паміж натоўпам мітынгоўцаў і натоўпам амапаўцаў – у мяне быў прымацаваны бюлетэнь з фаласам і вобраз распяцця – я голы, у набедранай павязцы паўтарыў гэтую акцыю перад імі. Гэта значыць, я стаў тварам да сілавікоў, такім чынам паказаўшы ўвесь той абсурд, за які яны збіраюцца ваяваць і забіваць мірных пратэстоўцаў, проста людзей, якія хочуць змяняльнасці ўлады.

– Думаеце такім чынам яны зразумелі, што вы хацелі данесці?

– Ну ведаеце, яны наўрад ці гэта зразумелі, таму што секунд праз 20-30 у мяне паляцелі светлашумавыя гранаты і пачалі страляць, але не пацэлілі, мне ўдалося сысці.

– Пасля гэтага вас затрымалі. Раскажыце як гэта было.

– Затрымалі мяне дома, прыйшлі (супрацоўнікі міліцыі – рэд.) да мяне дадому а палове пятай раніцы, у той жа дзень пасля акцыі. Да абеду я трымаў абарону, потым я ўжо зразумеў, што дзверы канкрэтна выбіваюць і пачаў весці з імі дыялог. Я выклікаў адваката і вырашылі паехаць у Цэнтральнае РУУС, гэта былі супрацоўнікі РУУС, для дачы тлумачэнняў. Склалі на мяне пратакол і затрымалі да суда. Суд павінен быў быць на наступны дзень, але ніякага суда не было. Мяне больш за два дні пратрымалі ў камеры ў жудасных умовах.

– Што вы бачылі канкрэтна?

– Я бачыў як людзей катуюць, як над імі здзекуюцца. Чалавека кладуць на расцяжку, тварам у падлогу, ён у такой позе ляжыць некалькі гадзін, усё жудасна зацякае. Ўключалі страбаскопы, калі табе святло рэзка міргае, б’е па вачах. Карацей, такі псіхалагічны ціск.

– Вы там дзень былі на Акрэсціна, атрымліваецца?

– Гадзіны тры дзесьці я там правёў. Усе камеры былі занятыя, нас загрузілі ў прагулачны дворык на вуліцы. Потым з’явіліся лекары і мне пашанцавала з’ехаць на хуткай дапамозе з імі.

– Ці ведалі наогул супрацоўнікі міліцыі і амапаўцы хто вы, за што вас затрымалі?

– Так, ведалі. Міліцыянты, якія прыйшлі дадому затрымліваць мяне не скажу, што неяк дрэнна ставіліся. А АМАП – у прынцыпе без каментароў. Калі яны даведаліся хто я такі, то яны: «А, жывёла, гэта ты? Той самы мастак, які на бюлетэні малюе члены?» І пачалі біць. Таму што я закрануў іхні сакральны сімвал улады, выбары – гэта той пункт, да якога не павінна быць дакранання.

Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г. Фота: ТК / belsat.eu

– Якія ў вас ўражанні ад трох тыдняў пратэстаў?

– Вы ведаеце, ўражанні дваякія. З аднаго боку, вельмі крута, што выходзіць велізарная колькасць людзей. Але гэтая эйфарыя мне не вельмі блізкая. Ну, я разумею, што крута быць у грамадстве, я назаву яго зграяй, і атрымліваць эндагенныя наркотыкі ў мозг, але потым будзе адкат. Потым будзе разуменне таго, што ўсё дрэнна. Я не хачу быць песімістам і казаць, што ў нас нешта не атрымаецца і гэтыя пратэсты сыдуць на «не», думаю, што кропка невяртання ўжо пройдзеная. І ў любым выпадку пратэсты будуць працягвацца, але гэтыя маўклівыя, скажам, добрыя, пухнатыя пратэсты, мне не вельмі блізкія. Калі твайго сябра, паплечніка затрымліваюць нейкія людзі ў цывільным незразумелыя, а ты крычыш: «Фу» ці «Ганьба», па-мойму, гэта не пратэст, а нейкае глупства. Я не выступаю за моцную радыкалізацыю канфлікту, не кажу, што трэба паліць адміністрацыю прэзідэнта і РУУС, але я думаю, што людзям трэба быць больш настойлівымі і смелымі ў сваіх дзеяннях.

– Як вы ўвогуле ацэньваеце пратэстны патэнцыял дзеячаў культуры ўсе гэтыя гады?

– Патэнцыял, магчыма, ёсць, але рэалізацыя вельмі слабая. І большасць мастакоў нашага беларускага поля – яны канфармісты. Яны не будуць рабіць супраць, яны падладжваюцца пад сістэму ў сваёй большасці, спрабуючы атрымаць з гэтага нейкія бонусы ў выглядзе грошай, прэферэнцый, вядомасці. Яны спрабуюць быць у сваёй талерцы, трапляць у зручнае асяроддзе, каб рэальнасць не «кусала» цябе.

Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г. Фота: ТК / belsat.eu

– Пасля затрымання вы казалі ў інтэрв’ю, што не плануеце з’язджаць з краіны. Цяпер вы ў Кіеве. Чаму?

– Так атрымалася, што прыйшла інфармацыя аб тым, што на мяне збіраюцца сфабрыкаваць крымінальную справу па артыкуле «Парнаграфія», а за гэты артыкул у нас не прадугледжана адміністрацыйнай адказнасці, адразу крымінальная аўтаматам. Я не разумею на дадзены момант, якую менавіта з акцый або наогул якое маё дзеянне можа пад гэта падыходзіць. Але інфармацыя ёсць і, пакуль я яе не праверу, я не магу знаходзіцца ў краіне. Таму што, калі я буду знаходзіцца ў зняволенні, ад гэтага ні мне, ні маёй сям’і добра не будзе. Таму я вырашыў з’ехаць на час з Беларусі. Хоць мне зусім не хацелася пакідаць краіну, нягледзячы на тую сітуацыю, якая там адбываецца. Гэтая сітуацыя з’яўляецца золатам для мяне, як для мастака, таму што я выкарыстоўваю сацыяльна-палітычны кантэкст як матэрыял для свайго мастацтва.

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч. Фота: Максім Вайціцкі / «Белсат»

– Што плануеце рабіць у Кіеве і наогул далей?

– Кіеў як другі дом, тут я зараз проста адпачываю. Адпачну, потым паеду ў іншае месца.

– Каго б вы наогул хацелі бачыць у якасці прэзідэнта Беларусі? Вы сапсавалі бюлетэнь..

– У мяне часам пытаюцца: «А за каго вы прагаласавалі?», я кажу, што гэта і быў мой голас, гэта значыць намаляваць член на бюлетэні гэта і ёсць мой голас. Мне не патрэбны ніякі прэзідэнт, я б наогул утылізаваў гэтую пасаду, зрабіў хаця б парламенцкую рэспубліку, таму што я думаю, што гэта перажыткі посткаланіяльнага нашага мінулага, постсавецкай краіны. Калі выбіраецца нейкі чарговы дэспат, чарговае бажаство, якому людзі пакланяюцца і вераць.

Марына Ступак/АА, Фота Максім Вайціцкі belsat.eu

Hавiны