Масква «выкрывае» польскіх паўстанцаў. Варшава заяўляе аб маніпуляцыі гісторыяй


Міністэрства абароны Расеі да 75-годдзя вызвалення польскай сталіцы ад гітлераўскіх войскаў абнародавала гістарычныя дакументы, якія выгадныя Крамлю ў святле гістарычнай спрэчкі паміж Масквой і Варшавай. Матэрыялы апублікаваны на сайце міністэрства.

На сайце прадстаўлена падборка дакументаў аб Варшаўскім паўстанні супраць Трэцяга рэйха, якое пачалося 1 жніўня і скончылася 2 кастрычніка 1944 года. У іх утрымліваюцца паказанні ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, у прыватнасці салдат Чырвонай Арміі і членаў ваеннай арганізацыі Польскай рабочай партыі «Армія Людова», якая супрацоўнічала з Чырвонай Арміяй.

Сведчанняў удзельнікаў «Арміі Краёвай» – партызанскай арміі, якая была ў падпарадкаванні польскага ўрада ў выгнанні, які знаходзіўся ў Лондане, – міністэрства не прадаставіла. Варта адзначыць, што пасля завяршэння Другой сусветнай вайны ўдзельнікі «Арміі Краёвай» змагаліся за незалежнасць Польшчы ад Савецкага Саюза.

Дакументы прадстаўляюць у добрым святле Чырвоную армію. З архіву вынікае, што камандаванне савецкіх войскаў рабіла ўсе магчымыя спробы падтрымаць Варшаўскае паўстанне. Аднак заходнія гісторыкі лічаць, што савецкае камандаванне не аказала належнай дапамогі паўстанцам. Падчас Варшаўскага паўстання атрады Чырвонай арміі знаходзіліся на подступах да польскай сталіцы, наступальныя дзеянні пачаліся толькі пасля падаўлення паўстання гітлераўцамі. З іншага боку апублікаваныя матэрыялы дэманструюць негатыўную ацэнку арганізацыі паўстання, палітычную ангажаванасць удзельнікаў «Арміі Краёвай», а таксама апісваюць зверствы польскіх паўстанцаў.

Рэакцыя Варшавы

На публікацыю дакументаў адрэагавалі ў Варшаве. МЗС Польшчы адзначыла, што «Чырвоная армія вызваліла Варшаву ад нямецкай акупацыі, але не прынесла палякам свабоды».

«Мы паважаем кроў, пралітую ў барацьбе з нацызмам, але ў 1945 году рэжым Сталіна прынёс тэрор, злачынствы і рабаўніцкую эканоміку», – гаворыцца на старонцы ведамства ў Twitter.

Прадстаўнік польскага МЗС Павел Яблоньскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што гэта – чарговая спроба скажэння гісторыі і абялення ролі СССР у гісторыі Другой сусветнай вайны.

«На жаль, гэта паўтараецца ў чарговы раз, таму што сённяшняя Расея вельмі моцна стараецца маніпуляваць праўдай аб ходзе Другой сусветнай вайны, ролі СССР. Яны выкарыстоўваюць гэты міф для стварэння сваёй сённяшняй палітыкі. Мы гэта адназначна асуджаем. Таксама, як і ўвесь астатні цывілізаваны свет. Мы бачылі гэта, калі Пуцін некалькі тыдняў таму назад зноў пачаў гэтую кампанію, бачым гэта і сёння. З гэтай перспектывы можам сказаць адназначна – мы будзем гэтаму супрацьстаяць і на ўсе такога роду спробы і выступленні будзем рэагаваць. Мы ўпэўненыя, што іншыя дзяржавы будуць нас у гэтым падтрымліваць», – сказаў ён.

Гістарычная спрэчка

Гістарычны спрэчка паміж Варшавай і Масквой абвастрылася пасля заявы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна пра тое, што СССР не акупаваў частку міжваеннай Польшчы ў 1939 годзе, а «Польшча сама паўдзельнічала ў раздзеле Чэхаславакіі». З крытыкай заяваў расейскіх уладаў выступілі Міністэрства замежных спраў Польшчы, а таксама прэм’ер краіны Матэуш Маравецкі. Дэпутаты польскага Сейма ў пачатку года прынялі рэзалюцыю, у якой асудзілі спробы расейскіх уладаў абвінаваціць у Польшчу ў развязванні Другой сусветнай вайны.

«Сейм Рэспублікі Польшча асуджае правакацыйныя і непраўдзівыя заявы прадстаўнікоў вышэйшых органаў улады Расейскай Федэрацыі, якія спрабуюць абвінаваціць Польшчу ў развязванні Другой сусветнай вайны. Веліч нацыі і адносіны паміж дзяржавамі не могуць будавацца на хлусні і фальсіфікацыі гісторыі», – гаворыцца у рэзалюцыі, прынятай 9 студзеня.

Меркаванні
Пуцін шукае падставу для абвастрэння адносін з Польшчай
2019.12.30 16:05

Раней Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае два таталітарныя рэжымы – нацызм і сталінізм.

1 верасня пачалася агрэсія немцаў супраць Польшчы, да якой 17 верасня далучыліся савецкія войскі. 28 верасня бакі падпісалі дамову аб межах, зафіксаваўшы падзел Польшчы паміж сабой. У савецкай зоне акупацыі ў 1939-1941 гадах былі арыштаваныя не менш за 107 тысяч былых польскіх грамадзян, дэпартаваныя 380 тысяч, а 22 тысяч польскіх вайскоўцаў былі расстраляныя. У 1944 годзе рэпрэсіі аднавіліся. Пакараныя былі, у тым ліку, і лідэры польскага падполля.

Варшава была вызвалена ад нямецкай акупацыі 17 студзеня 1945 года 1-й арміяй Войска Польскага пры садзейнічанні 1-га Беларускага фронту. Палякі не адзначаюць гэтую дату, бо лічаць, што пасля гітлераўскай акупацыі Польшчу напаткала акупацыя савецкая.

ДШ/АА, belsat.eu

Стужка навінаў