Масква працягне выдаваць крэдыты, але ВУП зменіцца. Што чакае эканоміку перад прэзідэнцкімі выбарамі


Міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы выдалі высновы адносна крэдытных рэйтынгаў Беларусі. Апроч таго, яны выставілі адзнакі беларускай эканоміцы ды зрабілі прагноз на бліжэйшую перспектыву, адзначыўшы слабыя бакі ды рызыкі беларускай эканамічнай мадэлі.

Гэтак, «Fitch Ratings» пацвердзіла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі ў абавязках у замежнай валюце і рублях на ўзроўні «B» – прагноз «стабільны». Агенцтва адзначыла бездакорную аплатную дысцыпліну і ўмацаванне макраэканамічнай стабільнасці ў краіне. Таксама пацверджаны рэйтынг еўрааблігацыяў Беларусі на ўзроўні «B».

Рэйтынгавае агенцтва «RAEX-Europe» пацвердзіла рэйтынг суверэннага ўраду Беларусі на памяркоўна нізкім узроўні крэдытаздольнасці – «B» у рублях і «B-» у замежнай валюце. Прагноз рэйтынгу пазітыўны, і ў сярэднетэрміновай перспектыве ён можа вырасці. Як заявілі ў агенцтве, рэйтынгі адлюстроўваюць аднаўленне эканомікі краіны, паляпшэнне паказнікаў банкаўскай сістэмы, прымальны дэфіцыт бюджэту і спрыяльную структуру дзяржаўнага доўгу адносна складу крэдытораў і тэрмінаў пагашэння. Эксперты таксама чакаюць эканамічнага росту і паступовага развязання пытанняў, звязаных з праблемнымі крэдытамі ў банкаўскай сістэме.

Кропля мёду ў гарнцы смуроду

Але ўмерана высокі ўзровень пазыкаў і яго валютная структура, інфляцыя, абавязкі ўраду, неразвітыя фінансавыя рынкі, нізкі ўзровень валютных рэзерваў і рызыкоўны статус беларускага рубля стрымліваюць рэйтынгі, адзначаюць у агенцтве.

Эксперты чакаюць запаволенне росту ВУП Беларусі да 2–2,5% з прычыны структурных дысбалансаў эканомікі праз неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы, слабасць інстытутаў і нізкую канкурэнцыю. Эфект ад планаў ураду стымуляваць рост коштам ІТ будзе абмежаваны, а ўвогуле рост залежыць ад эканомікі асноўнага гандлёвага партнёра і галоўнай крыніцы прамых замежных інвестыцыяў Беларусі – Расеі.

Праблемай застаецца і тое, што ЗВР краіны пакрываюць толькі 29 % замежнага доўгу і толькі 2,3 месяцы імпарту. Прыцягненне сродкаў праз унутраныя валютныя аблігацыі ды дадатковыя пазыкі за мяжой павялічаць дыверсіфікацыю доўгу, але магчымая матэрыялізацыя ўмоўных абавязацельстваў, звязаных з рэкапіталізацыяй банкаўскага сектару, можа істотна павялічыць дзяржаўны доўг і негатыўна паўплываць на крэдытаздольнасць краіны, лічаць у агенцтве.

На бюджэт Беларусі сёлета таксама будуць ціснуць больш павольны, чым чакалася, эканамічны рост і прэзідэнцкія выбары, што павышаюць магчымасць вяртання да паскоранага росту заробкаў і пенсіяў і дадатковага падтрымання сацыяльна значных прадпрыемстваў. Эксперты крытыкуюць палітыку адносна дзяржпрадпрыемстваў, калі замест прыватызацыі ці ліквідацыі стратных актываў улады спрабуюць павысіць іх эфектыўнасць. Захоўваюцца структурныя праблемы і ў банкаўскай сістэме, дзе дзяржаўным банкам належаць 65 % агульнага абʼёму актываў. Гэта разам з дырэктыўным крэдытаваннем стварае доўгатэрміновыя рызыкі для сістэмы, мяркуюць у агенцтве.

Наўпроставыя і ўскосныя пагрозы

Галоўнай вонкавай рызыкай у 2019 годзе, паводле RAEX, ёсць падатковы манеўр у Расеі, страты ад якога сёлета могуць скласці да 300 млн долараў (каля 2 % даходу бюджэту) і да 2 млрд у 2024-м. Нягледзячы на жаданне Менску атрымаць наўпроставую кампенсацыю ад РФ, эксперты мяркуюць, што Масква замест гэтага будзе выдаваць новыя крэдыты ды рэструктурызоўваць і пралангаваць цяперашнія. На іх думку, фінансавае падтрыманне з Расеі застанецца, як было і падчас мінулых спрэчак.

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук у каментары Belsat.eu хоць і пагадзіўся, што падатковы манеўр істотна паўплывае на беларускую эканоміку, прычым не толькі ў выніку наўпроставых стратаў бюджэту, але і ўскосна ў выніку недаатрыманых прыбыткаў і стратаў беларускіх НПЗ, падкрэсліў, што пакуль уплыў будзе не так заўважны. «У маштабе краіны, бюджэту і ВУП сёлета гэта не настолькі істотна», – заявіў суразмоўца.

Аднак, паводле яго, нявызначанасць у гэтым пытанні ўплывае на чаканні бізнесу, хатніх гаспадарак і задае негатыўны фон для эканамічнай дынамікі. «Гэты ўскосны ўплыў можа быць нават больш значны за наўпроставае ўздзеянне падатковага манеўру», – мяркуе эксперт.

Калі ж нічога не зменіцца і статус-кво адносна падатковага манеўру застанецца, яго негатыўнае ўздзеянне на эканоміку будзе толькі павялічвацца. Кампенсаваць магчымыя страты, як лічыць Дзмітрый Крук, улады Беларусі маглі б як за кошт падвышэння падаткаў, але на гэта цяпер афіцыйна дзейнічае мараторый, гэтак і коштам скарачэння выдаткаў. На ягоную думку, у бюджэце шмат артыкулаў, напрыклад, кампенсацыі дзяржпрадпрыемствам, якія можна было б скарачаць.

Hавiны
Крэмль гатовы скампенсаваць Беларусі страты ад падатковага манеўру пры ўмове «татальнай інтэграцыі»
2018.12.13 17:57

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў