Масква перанесла тэрмін забароны на пастаўку беларускага малака на 15 сакавіка


Расея пераносіць тэрмін увядзення абмежаванняў на беларускую «малочку» трэці раз

«Забарона на ўвоз малака і вяршкоў пастэрызаваных, стэрылізаваных і ультрапастэрызаваных налівам; малака і вяршкоў сухіх, канцэнтраваных, кансерваваных і згушчаных; сыроваткі малочнай наліўной канцэнтраванай, сухой; канцэнтрату сыроватачнага і малочнага бялку ўводзіцца з 15 сакавіка», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У Рассельгаснаглядзе адзначылі, што партыі названых тавараў, якія паступілі на часовыя кантрольныя ветэрынарныя пункты, размешчаныя на расейска-беларускім участку мяжы, пасля 15 сакавіка вярнуць у Беларусь.

«Рассельгаснагляд» неаднаразова выказваў прэтэнзіі да беларускай малочнай прадукцыі праз «рэшткі забароненых рэчываў». Эмбарга на беларускае малако ў Расеі мелася пачаць дзеяць 26 лютага. Пасля тэрмін перанеслі на 6 сакавіка. ЕЭК раскрытыкаваў рашэнне Масквы, заявіўшы, што ў Рассельгаснагляду няма падставаў для абмежаванняў на ўвоз прадукцыі з тэрыторыі ўсёй краіны. У адказ на гэта Рассельгаснагляд абвінаваціў Беларусь у пастаўцы санкцыйных прадукцыі і фальсіфікату – у тым ліку і «сырнага прадукта».

Расейскія СМІ неаднаразова пісалі пра тое, што закрыццё паставак сухога малака з Беларусі сапраўды выгадна расейскай сушыльнай галіне, у якой назапасіліся вялікія складскія запасы. На карысць гэтай версіі сведчыць і тое, што абмежаванні Расея ўвяла толькі на беларускую сыравіну – да зробленай з яе гатовых прадуктаў прэтэнзіі і абмежаванні па-ранейшаму кропкавыя.

1 сакавіка Лукашэнка даручыў намесніку прэм’ер-міністра Міхаілу Русаму разабрацца з малочнай праблемай. Кіраўнік Беларусі назваў сітуацыю «нахабным палітычным інструментам» і прыгразіў адказаць Расеі за забарону беларускага малака.

Новыя мяса-малочныя войны Расеі супраць Беларусі эканамісты тлумачаць не палітычнымі прычынамі, а лабіяваннем з боку расейскіх вытворцаў. Гэта ўскосна пацвердзіў і расейскі прэм’ер – на Інвестыцыйным саміце ў Сочы Дзмітрый Мядзведзеў заявіў аб Дактрыне харчовай бяспекі Расеі. Усю ежу трэба купляць унутры федэрацыі, каб ні ад каго не залежаць.

На меркаванне эканаміста Леаніда Заікі, малочны канфлікт паміж Расеяй і Беларуссю – гэта не вайна, а вынік канкурэнцыі на расейскім рынку. І гэтае змаганне беларускія вытворцы прайграюць у тым ліку праз якасць прадукцыі.

 

Стужка навінаў