Масква не настойвае на стварэнні сваёй вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі


У выпадку актыўнасці NATO каля межаў Беларусі, Расея гатова паставіць сваёй суседцы ракетнае ўзбраенне, заявіў амбасадар РФ у Менску Міхаіл Бабіч. Паводле дыпламата такая захада з боку Крамля абумоўлена нават не пытаннямі дапамогі, колькі саюзніцкімі абавязкамі.

Пры гэтым Бабіч адзначыў, паведамляе Інтэрфакс, што Масква не настойвае на стварэнні сваёй вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.

«Магу заявіць наступнае: з 2015 года ніхто ні ў адчыненым рэжыме, ні ў зачыненым рэжыме ніякіх прапаноў па размяшчэнні расейскай вайсковай базы ў Рэспубліцы Беларусь не рабіў», – сказаў Міхаіл Бабіч.

Акрамя вайсковага складніка амбасадар закрануў і пытанні паставак энерганосьбітаў, а таксама праблему кампенсацыі Менску стратаў ад падатковага манеўру.

«Мы разам з нашымі беларускімі партнёрамі актыўна абмяркоўваем, што ўсе сыравінныя мадэлі розных формаў узаемаразлікаў – ад гэтага неабходна сыходзіць. Усё павінна быць празрыста, усё павінна быць зразумела. Нашыя партнёры павінны дакладна разумець па часе, па тэрмінах, па аб’ёмах, калі, што і як будзе паступаць у беларускі бюджэт», – адзначыў Міхаіл Бабіч.

Цяпер бакі разглядаюць два варыянты кампенсацыі на наступны год – зніжэнне коштаў на нафты для Беларусі, альбо прамы міжбюджэтны трансферт. А ў Менску разлічваюць на ўзгадненне і зацвярджэнне механізму не толькі на 2019 г., але і на ўвесь перыяд рэалізацыі падатковага манеўру ў РФ, гэта значыць да 2024 года ўключна. Пры гэтым памер кампенсацыі павінен таксама ўлічваць увесь абʼём паставак расейскай нафты, які замацаваны міжурадавым пагадненнем ад 2007 году – 24 мільёны тон у год.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў