Масква не будзе абмяркоўваць цану на газ для Беларусі пакуль не завершацца перамовы аб інтэграцыі


Віцэ-прэмʼер РФ Дзмітрый Козак паведаміў, што Расея і Беларусь пакуль не пачыналі абмяркоўваць кошты на газ з 2020 года, бо спачатку павінна быць вырашана пытанне аб паглыбленні інтэграцыі. Пра гэта піша interfax.ru.

Паводле Козака, перамовы аб інтэграцыі ўжо ідуць. Пасля іх завяршэння будзе зразумела, як бакі будуць збліжаць рынкі газу і ці будзе створаны адзіны або агульны рынак газу. Козак выказаў спадзеў, што рашэнне будзе выпрацавана ў бліжэйшы час.

  • У 2018 годзе Беларусь купляла газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана – $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабаваў, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Крамля.
  • Ультыматум Крамля або ультыматум Мядзведзева – заява прэм’ер-міністра РФ на паседжанні Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

Румас і Мядзведзеў да лістапада ўзгадняць усе інтэграцыйныя дарожныя карты

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары