Масква адклікае сваіх афіцэраў-назіральнікаў з Данбасу праз напружаную «маральна-псіхалагічную абстаноўку»


Расейскія прадстаўнікі Сумеснага цэнтру кантролю і каардынацыі спынення агню і стабілізацыі на лініі судакранання бакоў на Данбасе пакінуць Украіну 19 снежня праз «непаважлівае стаўленне ўкраінскіх вайскоўцаў».

«У парушэнне дамоўленасцяў прэзідэнтаў РФ і Украіны адносна стварэння і размяшчэння СЦКК украінскі бок свядома ствараў для нашых вайскоўцаў, што ўваходзяць у яго склад, напружаную маральна-псіхалагічную абстаноўку, ствараў перашкоды для выканання імі сваіх службовых абавязкаў», – адзначаецца ў заяве расейскага МЗС.

У ведамстве паскардзіліся, што расейскім афіцэрам абмяжоўваўся доступ да лініі судакранання.

«Справа даходзіла да забаронаў на зносіны з мясцовым насельніцтвам. Мелі месца выпадкі непаважлівага стаўлення ўкраінскіх вайскоўцаў да сваіх расейскіх калегаў», – сказана ў заяве МЗС.

У сувязі з зыходам расейскіх афіцэраў-назіральнікаў украінскія вайскоўцы прагназуюць эскалацыю гвалту на Данбасе.

«У прыватнасці, вораг плануе актывізаваць працу сваіх ДРГ на вайсковых аб’ектах Узброеных Сіл Украіны, абʼектах энергетычнай і транспартнай інфраструктуры, павялічыць колькасць правакацыйных абстрэлаў у бок нашых пазіцый і жылых кварталаў населеных пунктаў паблізу лініі размежавання», – адзначаюць у штабе АТА.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў