Масква абвінаваціла ЗША ў спробе арганізаваць «антыканстытуцыйны пераварот» у Беларусі

Дырэктар Службы вонкавай выведкі РФ Сяргей Нарышкін заявіў, што ЗША выконвалі ключавую ролю ў падрыхтоўцы пратэстаў у Беларусі і ўзялі пад «шчыльную апеку» Святлану Ціханоўскую. Адпаведную заяву распаўсюдзіла агенцтва ТАСС.

Нарышкін абвінаваціў ЗША ў фінансаванні «беларускіх антыўрадавых сілаў» – нібыта ім былі перададзеныя дзясяткі мільёнаў долараў.

«Па наяўнай у СВВ інфармацыі, у цяперашніх падзеях у Беларусі ЗША іграюць ключавую ролю», – кажа ён.

Паводле Нарышкіна, у падзеях у Беларусі выразна прасочваецца заходні след.

«Пратэстныя акцыі з самага пачатку носяць добра арганізаваны характар ​​і каардынуюцца з-за мяжы», – адзначыў ён.

Паводле Нарышкіна, 2019-2020 гг. ЗША па лініі розных няўрадавых арганізацыяў нібыта «накіравалі на арганізацыю антыўрадавых выступаў парадку $ 20 млн». Быццам бы гэтыя грошы фармавалася сетка «незалежных блогераў» і інфармацыйных акаўнтаў у сацсетках, падрыхтоўка актывістаў да правядзення вулічных акцыяў.

«Найбольш перспектыўныя з іх праходзілі навучанне за мяжой, у прыватнасці ў Польшчы, Літве і ва Украіне, дзе з імі займаліся дасведчаныя амерыканскія інструктары па негвалтоўным пратэстаў», – заявіў кіраўнік СВВ.

Нарышкін заявіў, што ЗША «ўзялі пад шчыльную апеку» Ціханоўскую і іншых апазіцыйных актывістаў, «якіх раскручваюць у якасці народных лідараў» і будучых кіраўнікоў дэмакратычнай Беларусі». Дырэктар Службы вонкавай выведкі кажа, што «фактычна гаворка ідзе пра дрэнна завуаляваную спробу арганізаваць чарговую каляровую рэвалюцыю і антыканстытуцыйны пераварот, мэты і задачы якіх не маюць нічога агульнага з інтарэсамі беларускіх грамадзянаў».

Пуцін пазычыў грошай

  • 14 верасня падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы Уладзімір Пуцін заявіў, што грамадзяне Беларусі самі павінны разабрацца ў сітуацыі, якая склалася ў краіне. «Мы за тое, каб беларусы самі, без падказак і ціску звонку ў спакойным рэжыме і дыялогу разабраліся ў гэтай сітуацыі і прыйшлі да агульнага рашэння», – адзначыў ён.
  • У ходзе перамоваў Пуцін паабяцаў выдаць Беларусі крэдыт у памеры $ 1,5 млрд, які часткова пойдзе на рэфінансаванне папярэдніх даўгоў Беларусі. Адначасова па выніках сустрэчы ў Сочы было абвешчана, што сканцэнтраваны на мяжы рэзерв расейскіх сілавікоў будзе зняты, іх адправяць у месцы дыслакацыі. Нагадаем, 27 жніўня Пуцін распавёў у інтэрв’ю тэлеканалу «Россия-1», што Лукашэнка папрасіў яго «сфармаваць рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў» на выпадак, калі сітуацыя з пратэстамі ў Беларусі выйдзе з-пад кантролю.

ІІ belsat.eu

Hавiны