«Маск з намі». Каля 5000 асобаў выйшла на мітынг салідарнасці каля ПВТ


Да акцыі салідарнасці сёння далучыліся IT-адмыслоўцы. Мітынг развярнуўся ўздоўж МКАДу збоч ПВТ. Сімвалам акцыі зрабіліся белыя клавіятуры, а ў каго такіх не было, фарбавалі чорныя балончыкам.

На схіле пад сцягамі кампаніяў-удзельніц Парка высокіх тэхналогіяў людзі разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Гэтыя колеры паўтараліся ў адзенні, на плакатах і ў букетах. Некаторыя жанчыны прыйшлі сюды з ланцугоў салідарнасці супраць гвалту і ланцуга смутку з нагоды збіцця затрыманых на мітынгах.

«У нас не было пакупных сцягоў, таму мы парэзалі белыя прасціны і фарбавалі іх акрылам. Мы не маглі не пайсці на мітынг сёння. А калі ісці, то не з пустымі рукамі! Той, хто так і не прыдбаў сабе ні сцяга, ні кветак, ні плаката, тут жа мог пазначыць свой асноўны пасыл удзелу», – распавялі карэспандэнту «Белсату» удзельнікі акцыі.

Акцыя салідарнасці. Менск, 14 жніўня.
Фота: Святлана Фар / «Белсат»

Арганізавалася акцыя стыхійна, але кожнага ўдзельніка запрашалі асобна. «У асабістыя прыходзіла паведамленне, што сёння будзе акцыя. Мяркую, гэта і спрацавала. Істотна, калі ўласна табе пішуць, – распавядае хлопец з клавіятурай, на якой ужо не стае кнопак. – Я так моцна пляскаў па ёй, што клавішы павыляталі!»

Акцыя салідарнасці. Менск, 14 жніўня.
Фота: Святлана Фар / «Белсат»

Побач з дарослымі можна заўважыць і з дзясятак дзяцей. Людзі не баяцца браць малых з сабою: «Гэта ж мірная акцыя супраць гвалту. Чаму тут павінна быць небяспечна маёй дачцэ? І гэта ж для яе будучыні. Мы хочам гадаваць яе тут і не баяцца за яе».

Акцыя салідарнасці. Менск, 14 жніўня.
Фота: Святлана Фар / «Белсат»

Аўтамабілі сігналамі гэтак падтрымліваюць людзей, што размаўляць амаль немагчыма. Адмыслоўцы ў IT самі не чакалі ад сябе такой салідарнасці. Адзін з удзельнікаў прызнаўся, што для яго гэта ўсё вельмі дзіўна: «Я прыйшоў сюды таму, што не прызнаю вынікаў выбараў. Гэты рэжым мусіў сысці даўно, але цяпер дакладна прыспеў час. Я нават не ведаў, што ў ПВТ працуе гэтулькі шмат неабыякавых асобаў. Нас дарма не бяруць у разлік. Хоць мы і не завод, але таксама моцныя».

Акцыя салідарнасці. Менск, 14 жніўня.
Фота: Святлана Фар / «Белсат»

Іншага ўдзельніка здзіўляе, што ў Беларусі ўвогуле гэтак доўга трымаецца пратэставы рух: «Я думаў, што пасля разгону мітынгу 9-га больш ніхто не выйдзе на вуліцы. Мае сябры вярнуліся дадому збітыя, па іх стралялі, яны былі ўсе ў сіняках. Думаю, ну ўсё, на гэтым і скончыцца. А яны пастанавілі наступным днём узяць каскі і пайшлі зноў. Гэта вельмі смела».

«Я не хачу, каб да мяне і маіх блізкіх ставіліся, як да народца. Я не прымаю такіх уладаў і не галасавала за гэты рэжым. Мой голас скралі, але я не збіраюся пра гэта маўчыць», – прызналася ўдзельніца акцыі.

«Я не ваяўнічая, ніколі не была на мітынгах. Нават сюды не збіралася ісці, і цяпер мне страшна. Але ноччу я бачыла фота людзей, што выйшлі з Акрэсціна. Гэта жах. Я не хачу жыць у краіне, дзе такое можа беспакарана адбывацца. Таму я тут, каб паказаць свой пратэст», – распавядае іншая дзяўчына.

  • Акцыі пратэстаў супраць прызнання афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў доўжацца ў Беларусі з 9 жніўня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў