Масачны рэжым у Кіраўску пасля выбуху каронавіруса ў выканкаме


На рынку у Кіраўску няма абавязку нашэння масак. Гандляры аднак карыстаюцца.
Фота: «Белсат»

На дзвярах крамаў і ўстановаў тут вісяць аб’явы «Абслугоўванне без масак забароненае». З кавярні выганяюць наведнікаў без ахоўных павязак, бо «аштрафуюць і прэміі пазбавяць». Карэспандэнты belsat.eu накіраваліся ў Кіраўск, каб паглядзець, як мясцовыя арганізавалі жыццё ў новых умовах.

Страхі прадпрымальнікаў

Абавязковы масачны рэжым быў уведзены ў Кіраўску ў канцы траўня. Колькі ў горадзе хворых – жыхары не ведаюць.

Папярэджанне аб рызыцы заразіцца і просьба трымаць сацыяльную дыстанцыю.
Фота: «Белсат»

Кіраўск – гэта раённы цэнтр у Магілёўскай вобласці, дзе жывуць каля дзевяці тысяч чалавек. Гарадок стаў адной з першых кропак у вобласці, дзе ў красавіку зарэгістравалі выпадкі каронавіруснай інфекцыі – захварэў мужчына, які вярнуўся з працы ў Маскве. Пра гэта тады паведамляла галоўны санітарны лекар Магілёўскай вобласці Святлана Нячай.

Пастанова аб увядзенні на тэрыторыі раёну абавязковага масачнага рэжыму з’явілася 29 траўня на старонках мясцовага райвыканкаму і Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Таксама жыхарам раяць «пазбягаць выезду за межы адміністратыўнай тэрыторыі, за выключэннем тэрміновай неабходнасці».

Кіраўская Аўтастанцыя.
Фота: «Белсат»

Раніцай каля мясцовай аўтастанцыі даволі шматлюдна, бо побач рынак, на якім серада – адзін з галоўных гандлёвых дзён. Два разы на тыдзень (яшчэ ў суботу) сюды з’язджаюцца гандляры з раёну і вобласці.

Амаль усе прадаўцы – у масках, хоць у большасці павязкі вісяць на падбародках. Жанчыны, якія гандлююць вопраткай у намётах, зазначаюць, што іх ніхто не абавязваў насіць маскі, бо яны працуюць на свежым паветры. Але носяць дзеля ўласнай бяспекі.

Пальчаткі і маска як сродак аховы пакупнікоў ад магчымага інфікавання на рынку ў Кіраве.
Фота: «Белсат»

Прадпрымальніца Надзея распавяла, што з раніцы ім паведамілі пра забарону выязнога гандлю. Паводле жанчыны, гэта можа істотна паўплываць на ейную працу.

«Я тут гандлюю толькі ў сераду і суботу – людзі прызвычаіліся, што гэта асноўныя базарныя дні, і ў іншыя мала прыходзяць, – кажа нашая суразмоўца. – А цяпер аказваецца, што па раёне я ўжо не змагу выехаць. На які тэрмін – не кажуць. А пра тое, колькі тут хварэе людзей, я не цікаўлюся. Як кажуць, менш ведаеш – крапчэй спіш».

Забарона выязнога гандлю закране таксама прадпрымальніка Анатоля, які ў Кіраўск прыязджае з Бабруйску і прадае тут вопратку і розныя карысныя дробязі.

«Мы прыехалі сёння працаваць – па серадах заўсёды тут гандлюем. Прыйшоў кантралёр рынку і сказаў, што ўжо нельга будзе прыязджаць, пакуль сітуацыя не стабілізуецца», – распавядае мужчына.

Прадпрымальнік з Бабруйску гандлюе паводле мясцовых правілаў бяспекі.
Фота: «Белсат»

Яшчэ адзін бабруйчанін гандлюе на рынку жывымі кветкамі. На працягу васьмі гадоў ён ездзіць сюды па серадах і суботах. Кажа, што сёння як прыехаў, быў ашаломлены забаронай на гандаль. Але стаў на сваё месца і пачаў працаваць. Кажа, што і працягне прыязджаць.

«Няхай пакажуць афіцыйны дакумент, што я не маю права тут гандляваць. Я плачу падаткі, чаму мяне выганяюць? – раз’юшана кажа прадпрымальнік. – Канешне, я згублю прыбытак, калі не буду сюды ездзіць. І куды я ўсе гэтыя кветкі падзену? А ўвогуле, позна яны гэтыя маскі ўводзяць. Раней трэба было, а не цяпер, калі паўсюль такая **па… У мяне ў Бабруйску ёсць знаёмыя лекары, і галоўны лекар адной лякарні кажа, што сітуацыя вельмі дрэнная з вірусам».

Эпіцэнтр каронавірусу – Кіраўскі райвыканкам

Кіраўская раённая больніца пад час эпідэміі.
Фота: «Белсат»

Каля рынку – невялікая прадуктовая крама. На дзвярах надпіс – без маскі ўваход забаронены. За прылаўкам – прадавачка пенсійнага ўзросту. Маладая жанчына зайшла набыць яблыкі.

«Як тут у вас справы з каронавірусам?» – пытаемся.

«Вы мяне не здымаеце, не запісваеце? Бо я не магу нічога казаць, я звязаная з уладамі, – адразу кажа пакупніца. – Тут захварэў амаль увесь выканкам – вось пасля гэтага і ўвялі масачны рэжым. На сённяшні дзень там добра калі чалавек 20 з 80 працуюць. Астатнія – хто ў лякарні, хто дома на ізаляцыі. З кіраўніцтва толькі адзін намеснік старшыні на працы. Агулам сітуацыя ў горадзе зусім ня добрая. Кажуць, што мы ў лідарах па вобласці па захварэлых».

Кіраўскі райвыканкам, дзе быў усплёск захворманняў на каронавірус.
Фота: «Белсат»

Жанчына распавяла, што шмат захварэлых таксама на мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Ніва-Барсукі» у суседнім аграгарадку Барсукі. Як раз туды прыкладна тыдзень таму выканкамаўцы ездзілі на нараду – так і пачалася ўспышка.

«Кіроўца з выканкаму вельмі цяжка хварэў, – распавяла прадавачка. – Малады мужчына, 41 год. Тэмпература была высачэнная, прытомнасць губляў, на КТ у Асіповічы вазілі, у нас тут няма тамографа. Слава Богу, ачуняў, вось учора казалі, што лепей ужо яму. Як жа нам перажыць гэта? Не было такога раней. Першы выпадак да нас прывёз з Расеі аднакласнік маёй старэйшай дачкі. Але потым усё ціха было – і тут раптам «Белдзяржстрах» закрылі, цяпер во выканкам».

Кветкавая крама ў Кіраўску запрашае кліентаў у масках.
Фота: «Белсат»

Пра тое, што эпіцэнтрам захворванняў у Кіраўску стаў выканкам, распавяла таксама прадавачка з іншай маленькай крамы.

«Распараджэнне выдалі ў мінулую пятніцу, бо наш райвыканкам захварэў, і старшыня таксама ў лякарні ляжыць, – кажа жанчына. – Выканкамаўцы ездзілі па раёне, праводзілі розныя нарады, і так усё пачалося. У адной сям’і, у жонкі і мужа, што працуюць у выканкаме, пацвердзіўся тэст, а іхны сын – пяцікласнік – у школу хадзіў. Дык некалькіх настаўнікаў адправілі на ізаляцыю. Школьны лагер нават пакуль адклалі».

У той жа час настаўніца, якую мы сустрэлі каля школы, сказала, што ў іх усё добра, не хварэюць ні вучні, ні настаўнікі.

«Людзі баяцца казаць праўду, бо прэзідэнт сказаў – вірусу няма»

Паводле прадавачкі, хваля захворванняў пайшла з мясцовага «Белдзяржстраху», супрацоўніцу якога заразіла дачка, якая прыехала з Менску. А страхавыя агенты хадзілі па дамах заключалі дамовы, і так разнеслі вірус па горадзе.

Пенсіянерка з Кіраву вяртаецца з крамы ў масцы.
Фота: «Белсат»

Жанчына лічыць, што маскі позна ўжо ўводзіць, бо вірус моцна разышоўся. Таксама прадавачка скардзіцца на пакупнікоў – некаторыя не хочуць насіць маскі і злуюцца на пастанову і надпісы, што нельга заходзіць у краму без маскі.

«Былі такія, што апраналі маску на руку, і казалі – я ў масцы, разлічвайце мяне, скаргі пісалі, маўляў, што за самаўпраўства ў краме – распавяла прадавачка. – Так, мы цяпер не маем права разлічваць пакупнікоў без масак. Казалі, што будуць штрафаваць за парушэнне правіла. Самыя людзі баяцца казаць праўду пра каронавірус, бо забарона ідзе ад прэзідэнта. У лякарні, кажуць, дактары падпісвалі распіску аб нераспаўсюджанні інфармацыі. Нам таксама тэлефанавалі і казалі, каб мы нікому ніякай інфармацыі не давалі».

Кіраў: абавязковы масачны рэжым.
Фота: «Белсат»

Не пускаюць без масак і ў кавярні.

«Мяне аштрафуюць і пазбавяць прэміі, тут жа паўсюль камеры ў нас, адразу ўбачаць, што я абслугоўваю чалавека без камеры», – патлумачыла супрацоўніца знакамітай мясцовай кавярні «Смажанка».

Выканкам: медыям нічога не кажам

Каб атрымаць афіцыйную інфармацыю аб эпідэміі ў Кіраўскім раёне, мы патэлефанавалі ў райвыканкам.

У каго мы можам запытацца, колькі ў раёне захварэлых на COVID-19», – пытаемся ў сакратаркі выканкаму.

Ні ў каго. Вам ніхто нічога не скажа, – прагучаў адказ. – А чаму вам павінны казаць нешта? Мы прэсе нічога не кажам.

– Чаму?

Проста не кажам, – адказала сакратарка, якая адмовілася называць сваё імя.

Звязаць са старшынёй райвыканкаму дзяўчына нас не змагла, чаму адсутнічае і калі будзе на месцы – таксама не сказала. Інфармацыю пра тое, што старшыня ў лякарні з каронавірусам – абвергла.

Усе далейшыя пытанні сакратарка параіла задаваць першаму намесніку старшыні райвыканкаму Аляксандру Осіпаву.

«Я не ўпаўнаважаны каментаваць гэта», – адказаў той і паклаў слухаўку.

Не далі нам звестак і ў мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Галоўнага лекара не было на месцы, а сакратарка сказала, што ў любым выпадку пра колькасць хворых інфармацыю яны не распаўсюджваюць.

НА Belsat.eu

Стужка навінаў