Алесь Кіркевіч Марзалюк, Каліноўскі і шмат-шмат «фашыстаў»

журналіст, літаратар

Нядаўна прафесар гісторыі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк выступіў у «Галоўным эфіры» на Першым нацыянальным канале. Пра што ён казаў? Пра ідэалогію, неканфліктную гісторыю і, канешне, пра «калабарантаў-забойцаў».

Як у кожным добрым гатычным рамане мае прысутнічаць мярцвяк-упыр альбо голем-зомбі, так і ў кожным пасажы афіцыйных персонаў у Беларусі, датычным гісторыі ды ідэалогіі, не абыдзецца без «фашыстаў-калабарантаў». Калі ў Расеі «сікаюць у пад’ездах» па старой звычцы Абама і Трамп, то ў Беларусі ўсім гэтым займаюцца Кубэ і Готберг.

«Маршыравалі з крыкамі «Зіг хайль», вешалі штандар СС над Домам Ураду, палілі вёскі, забівалі дзяцей…» – гэта няпоўны пералік выкарыстаных Марзалюком метафараў адносна сваіх прывідных апанентаў і іх куміраў. Менавіта «прывідных», бо прозвішчаў няма: адно стрэлы ў пустку.

«Некаторымі нашымі гісторыкамі павіннае займацца КДБ». Краўцэвіч адказвае Марзалюку

Раней, пару год таму, прэс-сакратар Мінабароны Макараў называў крытыкаў парада з танкамі на 3 ліпеня ў цэнтры Менску – прыхільнікамі Вільгэльма Кубэ. Яшчэ раней здымаліся «Дети лжи» і «Белый легион черных душ» з устаўкамі з нямецкай хронікі 1940-х. Яшчэ раней «фашыстам» называлі а. Аляксандра Надсана, які збіраў па Еўропе дапамогу для ахвяраў Чарнобыля на пачатку 1990-х…

Зрэшты, хранічны «антыфашызм» да месца і не да месца – мабыць, татальная праблема ўсіх краінаў СНД. Толькі тут кожная палітычная сіла бачыць свайго апанента акурат «фашыстам». У Данецку крычаць «Фашизм не пройдет!» на антыўкраінскіх мітынгах, у Мікалаеве з такімі ж лозунгамі выганяюць з гораду прарасейскага палітыка-рэгіянала Царова. Карацей, як маеш сваю палітычную партыю – абавязкова назаві яе «антыфашыстоўскай». Калі маеш ворага – смела крычы, што ён «фашыст»!

Дасталася ад Марзалюка і Каліноўскаму, які, паводле сенатара, верагодна быў «крыптафашыстам» альбо «прадвеснікам здраднікаў-калабарантаў». Што не так з правадыром Паўстання? Маўляў, праваслаўе той называў «сабачай верай», а ў Беларусі 80% праваслаўных, як так… Пры гэтым, Марзалюку ніякім бокам не муляюць асобы Леніна і Сталіна, якія без лішніх словаў вынішчалі і праваслаўе, і каталіцтва, і юдаізм, і іслам – усё пад корань.

Ігар Марзалюк у ролі Мікалая Карамзіна

Чаму так? Усё проста: Каліноўскі ж «нацыяналіст». А Ленін са Сталіным – «наша ўсё»… І няважна, што ў выпадку паўстанцаў 1863 года гаворка ідзе пра некалькі павешаных святароў, якія выдавалі паўстанцаў, а ў выпадку камуністаў – пра татальную зачыстку святароў як класа, разбурэнне цэркваў, раскраданне царкоўнай маёмасці і стварэнне цалкам падкантрольных рэлігійных структураў для сваіх патрэбаў.

Хто ж тады героі Марзалюка? Якія асобы застануцца ў ягоным дапаможніку для школаў, дзе «не будзе людзей, якія раздзяляюць нашу нацыю»? Фішка ў тым, што не застанецца там анікога. Бо нават «айцы БНР» увесь час сварыліся і разʼядноўваліся, нават чырвоныя партызанскія камандзіры сварыліся і забівалі адзін аднаго, нават апосталы Ісуса Хрыста часам не мелі згоды паміж сабой (чытайце Евангеллі ды Пасланні апосталаў).

Супярэчнасці, розныя меркаванні, крыўды – гэта норма адносінаў у соцыуме. У любым соцыуме. У любой сям’і. У любой дзяржаве. Тым больш, калі размова ідзе пра сівыя стагоддзі, калі ані канфлікталогіі, ані дыпламатычнага пратаколу не існавала на ўзроўні паняццяў. Магчыма, мудрасць гісторыка альбо патрыёта-дзяржаўніка акурат у тым, каб шукаць агульнае, а не рознае? Бачыць у гістарычных персаналіях жывых людзей, а не лікі з візантыйскіх іконаў?

Ідэальныя героі Беларусі, паводле Марзалюка, гэта не людзі, а нейкія анёлы. Убачыць іх можа не кожны. Зразумець, што яны хочуць – толькі сенатар Палаты прадстаўнікоў. Напісаць пра іх – толькі святы, да якога яны з’явіліся альбо прафесар з сувязямі ў Адміністрацыі прэзідэнта. І атрымаецца ў яго ў выніку не дапаможнік, і не падручнік па ідэалогіі, а новы Сімвал веры, ніяк не менш. Амінь.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары