Марыю Калеснікаву пакідаюць у ізалятары да 8 сакавіка


Следства працягнула меру зняволення Марыі Калеснікавай у выглядзе ўтрымання пад вартаю яшчэ на два месяцы, паведамляе прэсавая служба Віктара Бабарыкі.

Марыя Калеснікава застаецца ў жодзінскай турме. Яе арыштавалі ў межах крымінальнай справы аб публічных закліках да захадаў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК). Крымінальную справу завяла Генпракуратура.

Следства працягвае ўтрыманне Марыі пад вартай каторы ўжо раз. Цяпер яна застанецца за кратамі да 8 сакавіка.

Марыя Калеснікава была адной з лідарак прэзідэнцкай кампаніі Віктара Бабарыкі ды аб’яднанага штабу. Пасля выбараў яна ўвайшла ў Прэзідыум Каардынацыйнай рады. 7 верасня яе схапілі невядомыя ў цэнтры Менску, некалькі дзён родныя і сябры нічога не ведалі пра яе лёс. Высветлілася, што сілавікі планавалі прымусова вывезці яе за мяжу. Аднак аперацыя спецслужбаў правалілася: у нейтральнай зоне на мяжы Марыя парвала ўласны пашпарт, выскачыла з аўтамабіля і вярнулася на беларускую тэрыторыю.

Марыю прызналі палітвязнем і вязнем сумлення. Еўрапарламент уганараваў яе прэміяй імя Сахарава за ўнёсак у барацьбу за правы чалавека.

Падтрымаць Марыю можна лістом, паштоўкай або тэлеграмаю: Турма № 8, вул. Савецкая, 22а, Жодзіна, 222160

Размова
Колькі сядзець Бабарыку і Калеснікавай?
2020.10.22 22:20

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў