Марыю Калеснікава раніцай 7 верасня каля Нацыянальнага мастацкага музею невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезлі ў невядомым кірунку, падае TUT.BY са спасылкаю на відавочцаў.
Сваякі Марыі Калеснікавай падалі заяву ў міліцыю па факце знікнення. У міліцыі сказалі, што заява прынята, Марыю шукаюць, паведаміў увечары афіцыйны Тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
Прэс-сакратар Каардынацыйнай Рады Антон Раднянкоў для каментароў не даступны.
Таксама няма сувязі з выканаўчым сакратаром Рады Іванам Краўцовым.
Прэс-служба МУС не каментуе сітуацыю.
Міністр замежных спраў Літвы Лінкас Лінкявічус пракаментаваў выкраданне Марыі Калеснікавай.
«Замест размовы з жыхарамі Беларусі, дзейнае кіраўніцтва спрабуе цынічна ліквідаваць іх па чарзе. Выкраданне Марыі Калеснікавай у цэнтры Менску – ганьба. Гэта можна параўнаць са сталінскімі метадамі НКУС, што ужываюцца ў Еўропе XXI стагоддзя. Яе неабходна неадкладна вызваліць», – напісаў ён у сваім Twitter.
Instead of talking to the people of #Belarus, the outgoing leadership is trying cynically eliminate one by one. The kidnapping of M.Kalesnikava in downtown of #Minsk is a disgrace. Stalinist NKVD methods are being applied in 21st century’s Europe. She must be released immediately
— Linas Linkevicius (@LinkeviciusL) September 7, 2020
На мінулым тыдні была затрыманая чалец Каардынацыйнай рады Лілія Уласава, супраць яе заведзеная крымінальная справа.
Чальцы прэзідыуму Каардынацыйнай Рады Павел Латушка і Вольга Кавалькова зараз знаходзяцца за межамі Беларусі.