Марыя Калеснікава: Рэжым пераступіў усе межы, у ім больш не засталося нічога чалавечага

Марыя Калеснікава лічыць, што адказнасць за гвалт, пераслед і фальшаванне цалкам нясуць улады ў Беларусі. Свае думкі на гэты конт палітык распавяла з-за кратаў у інтэрв’ю часопісу «Der Spiegel».

Марыя Калеснікава. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Інтэрвʼю з-за кратаў сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі Марыя Калеснікавай нямецкі часопіс «Der Spiegel» апублікаваў 29 лістапада.

Марыя Калеснікава лічыць, што манаполіяй на прымяненне сілы валодае кіраўніцтва краіны і толькі яно нясе адказнасць за тое, што адбываецца ў Беларусі.

«Улады адмянялі законы нашай краіны: мірных грамадзянаў бʼюць, катуюць, калечаць і забіваюць за іх погляды. Мы жывем у паліцэйскай дзяржаве», – канстатуе Марыя Калеснікава.

Гвалт павінен быць спынены, паколькі жаданне ўтрымацца ва ўладзе не можа апраўдаць маштаб гвалту.

Умовы для дыялогу з Лукашэнкам

«Да таго часу пакуль мы як закладнікі сядзім у турме, дыялог не мае ніякага сэнсу. Беларускае кіраўніцтва павінна спачатку выканаць галоўныя патрабаванні нашага народа: вызваліць палітвязняў і пачаць расследаванне злачынстваў, учыненых супраць народа», – упэўненая Марыя Калеснікава.

Канстытуцыйную рэформу, пра якую гавораць афіцыйныя асобы, у тым і Лукашэнка, Марыя Калеснікава расцэньвае як спробу рэжыму падмануць народ для таго, каб утрымацца ва ўладзе. Цяпер у беларускім грамадстве крызіс даверу да кіраўніцтва і да ўсіх дзяржаўных інстытутаў. Марыя Калеснікава кажа, што законы ў краіне не выконваюцца.

«Народ не забудзе гэты кашмар і гэтае супрацьстаянне. Яго барацьба будзе доўжыцца да таго часу, пакуль кіраўніцтва не выслухае нас».

«Людзей збіваюць у дварах так, што яны паміраюць, кветкі прыбіраюць, зносяць мемарыялы. Рэжым пераступіў усе межы, у ім больш не засталося нічога чалавечага. Гэта абсалютнае зло, якое павінна быць спынена», – заявіла Марыя Калеснікава

Марыю Калеснікаву арыштавалі ў межах крымінальнай справы аб публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч.3 арт.361 КК), распачатай Генеральнай пракуратурай.

7 верасня спецслужбы выкралі Марыю Калеснікаву і планавалі прымусова яе вывезці за мяжу. Аднак аперацыяў спецслужбаў правалілася: у нейтральнай зоне на мяжы Марыя парвала свой пашпарт, выскачыла з аўта і вярнулася на беларускую тэрыторыю.

Колькі сядзець Бабарыку і Калеснікавай?

СК belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Hавiны