Марыя Калеснікава можа знаходзіцца ў Мазырскім памежным атрадзе

Гэткую інфармацыю агучыў штаб Віктара Бабарыкі. Паводле некалькіх ананімных крыніцаў, Марыя Калеснікава цяпер у Мазырскім памежным атрадзе.

Раней адвакату Марыі Калеснікавай Максіму Знаку аператыўны дзяжурны вайсковай часткі сказаў, што не ведае пра факты затрымання каго-кольвек у пункце пропуску Аляксандраўка.

Дзяржаўны памежны камітэт, які пацвердзіў затрыманне, таксама не паведаміў ані пра прычыны затрымання ані хто затрымліваў сябру Каардынацыйнай рады.

«Мы звяртаемся да беларускіх уладаў з патрабаваннем паведаміць пра месца знаходжання Марыі Калеснікавай, а ў выпадку яе ўтрымання прадстаўнікамі ўлады – неадкладна вызваліць і ў поўным аб’ёме забяспечыць ейнае права на абарону ды іншыя працэсуальныя гарантыі, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь і нацыянальным заканадаўствам», – гаворыцца ў заяве штабу.

У вайсковую частку і ДПК дазваніцца не ўдалося.

Марыя Калеснікава знікла 7 верасня. Раніцаю 8 верасня з’явілася інфармацыя, што сябры Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў каля 4-ай гадзіны раніцы прайшлі кантроль на беларуска-ўкраінскай мяжы, пра гэта паведаміла БелТА са спасылкаю на прэс-сакратара Памежнага Камітэту Антона Бычоўскага. Пазней стала вядома, што Марыя Калеснікава не перасекла мяжу Украіны, бо пры спробе гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі яна парвала свой пашпарт.

ДР belsat.eu

Hавiны