«Прыйшлі да высновы, што платная падпіска немэтазгодная». Марына Золатава дае паказанні ў судзе


Галоўная рэдактарка TUT.BY не прызнае сябе вінаватай па ч. 2 арт. 425 КК («бяздзейнасць службовай асобы»), бо ніколі не карысталася платнай падпіскай БелТА, а астатніх журналістаў TUT.BY прыцягвалі ў працэс як фізічных асобаў.

Напярэдадні суд задаволіў адмову «СБ» ад пазову да Марыны Золатавай на суму ў 18 172 рублёў. Восенню 2018 года суму цалкам кампенсавалі журналісты TUT.BY, у дачыненні да якіх крымінальны пераслед быў спынены і перакваліфікаваны ў адміністратыўны. Прадстаўнік «СБ» Аляксей Шпілеўскі больш не ўдзельнічае ў працэсе.

У судзе ўжо дапытаныя ўсе сведкі, вывучаныя 58 тамоў крымінальнай справы і сёння, 19 лютага, суд Завадскога раёну Менску перайшоў да допыту абвінавачванай, перадае TUT.BY.

«Пра наяўнасць несанкцыянаванага доступу да платнай падпіскі БелТА я даведалася ў сакавіку 2018 года. Гэта пытанне абмяркоўвалася ў тэлефоннай размове з Ганнай Калтыгінай. Калі мне стала вядома, што ў яе ёсць доступ, я сказала: «Гэта дрэнна. Будзем разбірацца», – распавядае Золатава.

На наступны дзень Ганна Калтыгіна параўнала перавагі платнай падпіскі і адкрытага доступу.

Hавiны
«Дно бяздоннае». Як сацыяльныя сеткі рэагуюць на суд над Марынаю Золатавай
2019.02.13 12:06

Паводле словаў Золатавай, высветлілася, што розніца па часе ў выстаўленні навінаў на сайце БелТА і ў платнай стужцы адсутнічае або невялікая.

«Мы прыйшлі да высновы, што платная падпіска немэтазгодная. Ганна сказала, што доступам больш карыстацца не будзе, больш мы да гэтага пытання не вярталіся. Шкадую, што не прыняла больш рашучых мер. Аб гэтым шкадую цяпер і каюся», – заявіла Марына Золатава.

Дзяржабвінаваўца Юлія Харчэйкіна падрабязна пытаецца пра структуру рэдакцыі, хто і каму падпарадкоўваецца, хто прымае рашэнне аб публікацыі тэксту і ці патрабуецца для гэтага дазвол Золатавай. Тая, у сваю чаргу, тлумачыць, што абавязкі размеркаваныя паміж рэдактарамі.

Суд над Марынай Золатавай распачаўся 12 лютага.

***

  • Суд над Марынай Золатавай – гэта вынік так званай «справы БелТА».
  • Усяго па «справе БелТА» было прад’яўлена абвінавачванне 15 чалавекам. Аднак цягам восені справы супраць 14 з іх былі закрытыя – сярод абвінавачаных засталася толькі Марына Золатава.
  • Праваабаронцы лічаць, што «справа БелТА» ад самага пачатку была палітычна матываваная. У абарону журналістаў выступілі прадстаўнікі ЕЗ, ЗША, Рады Еўропы і шэрагу іншых міжнародных арганізацыяў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў