Марына Маўчанава перамагла ў журналісцкім конкурсе кансорцыума «ЕўраБеларусь»


Незалежная журналістка, якая публікуецца на старонцы Belsat.eu, атрымала прэмію ад Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь».

Узнагароджанне адбылося 13 сакавіка ў Бабруйску. Марыну Маўчанаву абвясцілі пераможцай у намінацыі «Вострая сацыяльная праблема», за матэрыял «Адкрыцця музею Алеся Адамовіча ў 2015 годзе не будзе», што быў апублікаваны ў інтэрнэт-выданні «Бабруйскі кур’ер». Дыплом пераможцы конкурсу, а таксама прэмію Міжнароднага кансорцыума – у выглядзе прафесійнага дыктафона – журналістцы ўручыла прадстаўніца «ЕўраБеларусі» Святлана Анташкевіч.

Акрамя Марыны пераможцамі ў іншых намінацыях сталі Кацярына Сушко з Маладзечна і Максім Данілаў з Гомля.

Прэмія «Грамадзянская супольнасць у фокусе рэгіянальных СМІ» ініцыяваная і заснаваная ў 2014 годзе. Ёй узнагароджваюцца лепшыя журналісцкія працы, якія найбольш глыбока, востра і крэатыўна асвятляюць дзейнасць грамадскіх і культурных ініцыятыў. У конкурсе ўдзельнічалі матэрыялы, апублікаваныя ў рэгіянальных онлайн-СМІ ў студзені-сакавіку 2015 года. Адбор праходзiў сярод матэрыялаў, прысвечаных падзеям і ініцыятывам грамадзянскай супольнасці.

Стужка навінаў