Марын Ле Пэн апублікавала перадвыбарчую праграму


Кандыдат у прэзідэнты Францыі ад партыі «Нацыянальны фронт» Марын Ле Пэн апублікавала сваю перадвыбарчую праграму. У ёй праграме яна выступае за больш істотную самастойнасць Францыі і меншую ролю Еўразвязу ў жыцці краіны.

Ле Пэн абяцае, што ў выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах скароціць узаемадзеянне з органамі Еўразвязу і паспрабуе выйсці з еўразоны, вярнуўшы сваёй краіне франк у якасці нацыянальнай валюты.

Акрамя таго Ле Пэн плануе вывесці ўзброеныя сілы краіны з-пад камандавання НАТА, абмежаваць іміграцыю, у тым ліку з краін, населеных у асноўным мусульманамі, і абмежаваць легальную міграцыю, у тым ліку з іншых краінаў ЕЗ.

Цяпер, адзначаюць эксперты, Ле Пэн спрабуе прыцягнуць на свой бок нават частку левага электарату, а таксама выглядае нашмат больш ліберальней многіх радыкальна правых палітыкаў.

Пры гэтым Ле Пэн лічыцца прарасейскім палітыкам. Яна называла бязглуздымі санкцыі, якія увелі краіны Захаду ў бок Расеі з-за анексіі Крыму і ўзброенага канфлікту ў Данбасе, і выступала за паляпшэнне адносінаў з Масквой.

Выбары ў Францыі 2017

Першы тур выбараў прэзідэнта Францыі запланаваны на 23 красавіка. Другі тур адбудзецца 7 траўня ў выпадку, калі ў першым ні адзін з кандыдатаў не здолее набраць больш за палову галасоў выбаршчыкаў. 

Сацыялагічныя апытанні ў апошні час прадракалі Ле Пэн упэўнены выхад у другі тур, у якім, зрэшты, яе шанцы ацэньваюцца песімістычна. Аднак цяпер яе галоўны канкурэнт – былы прэмʼер-міністр Франсуа Фіён – імкліва губляе падтрыманне.

Раней фаварытам  лічыўся Фіён, прадстаўнік правацэнтрысцкае партыі «Рэспубліканцы». Але пасля скандалу, паводле якога стала вядома, што ў гады працы дэпутатам ён плаціў жонцы з бюджэту за працу, якую яна не рабіла,  яго рэйтынг рэзка ўпаў.

Цяпер па выніках сацапытанняў ён Фіён займае трэцяе месца па папулярнасці ўслед за Ле Пэн і незалежным кандыдатам Эмануэлем Макрон.

Партыя Фіёна ўжо заклікае яго адмовіцца ад барацьбы за прэзідэнцтва.

ВД, паводле bbc.com

Стужка навінаў