Знакамітая рэп-калядка ў новым прачытанні адкрывае праект «Новае пакаленне на Новы год».
Паводле задумы навагодняга праекту, дуэты мусілі складаць малады і сталы выканаўца. Памідораў і Trubetskoy гэтага правіла не парушылі, проста яны ўзялі на сябе адказнасць як за папярэдняе, так і за новае пакаленне і зрабілі рок-версію гіта «Цуд на Каляды».
Запісаная для праекту «Святы вечар» у 2000-м, яна трывала ўвайшла ў лік самых пазнавальных беларускіх зімовых песень. «Нам гэта песня заўсёды падабалася, нікому яшчэ не ўдавалася так арганічна чытаць «рагамафін» на мове, як тое робіць Памідораў у гэтым трэку! А Памідораву ў сваю чаргу падабаецца музыка нашага гурта.Таму мы з радасцю адгукнуліся на ідэю зрабіць яе сумесна», – распавядае вакаліст гурта Trubetskoy Павал Булатнікаў.
«Фармальна Trubetskoy у нашым дуэце выступае ў якасці маладога гурта, а я за сталага выканаўцу, хоць мы здаўна разам раслі, вучыліся, бавілі час і выступалі на адных пляцоўках, – распавядае Аляксандр Памідораў. – Для мяне былі сапраўдным святам гэтыя тры дні, якія мы правялі разам за працаю – два дні рэпетыцый і адзін дзень запісу. І я вельмі ўдзячны Паўлу Булатнікаву, Руслану Ўладыку, Аляксандру Старажуку і Алесю-Францішку Мышкевічу за тую версію песні, якая была створаная. Яна разбурыла ўсталяваны ўжо канон, загучаўшы інакш, і я вельмі задаволены тым, як яна атрымалася».
Песня была запісаная ўжывую для праекту «Новае пакаленне на Новы год». Відэаверсію гэтага канцэрту можна будзе ўбачыць у ноч з 31 снежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат». А да гэтага на сайтах Tuzin.fm i Belsat.eu штодня будзе аўдыёпрэм’ера песень, якія былі запісаныя для гэтага праекту.
Гэта было аднойчы ўвечары, калі
Калолі зоркі зрок, ды ішоў снег па ўсёй Зямлі
І ціхі вецер разносіў песні, што спявалі дзеці
Па ўсім свеце!
(ага-ага) Пляскаючы ў далоні.
Зіхцелі ліхтарыкі ў завейным палоне.
Чалавек адзінокі ў горад гэты прыйшоў.
Ён шукаў па свеце шчасця, але покуль не знайшоў.
Стомлены, змораны, але верыў упарта
У тое, што будзе яму цуд
На Каляды!
Святая ноч у горадзе вялікім панавала,
Утаймоўвала думкі, снегам пасыпала.
У свайго вакна адна сядзела жанчына.
Чакала на цуд таксама, плюмбум варажыла.
Будзе-ня-будзе, калі-некалі, дай Божа!
А ў дзверы грукае нехта – (ага) калядоўшчык!
Але ж нейкі дзіўны, да таго ж, адзін.
Таму і сенцы адчыніла, сказала: Сюды хадзі!
Сама не зразумеўшы, ці то прыбытак, ці то страта…
А можа, усё ж-ткі будзе ёй цуд
На Каляды!
Калядная казка дарослым і дзецям!
Трубяцкі, Памідораў – Магістр Бібендзі!
Дорым нанова, запрашаем у госці!
Бавімся разам!
Дык вось
Завіруха сціхла недзе за горадам белым
Ды ў адзінае вакно зоркі-волы глядзелі.
Ён стаў ейным падарункам, ён быў ейнае свята,
Ды й ня можа быць інакш на Каляды!
Хвала на вышынях! Спакой на Зямлі!
Анёлы на нябёсах спяваюць свае песні!
Вясёлая навіна! Цуд адбыўся!
Гэта было ўжо ў Бэтлэеме – спраўдзілася ў Менску!
Дзве тысячы год – іх будзе болей, дакладна!
Прыходзіць Сын Чалавечы, як Божы цуд
На Каляды!
Прыходзіць Сын Божы да чалавека ў кожны год
На Каляды!
belsat.eu