«Мару зрабіць столік з рухавіка самалёта»


Столік вагою 90 кг, зроблены з рухавіка аўтамабіля або настольная лямпа са скрыні перадач, – на што толькі не здатная людская фантазія! Belsat.eu завітаў у Шчучын да майстра, які дае новае жыццё старым аўтазапчасткам.

Год таму з прычыны вымушанага адпачынку ў Сяргея Рудага з’явілася новае хобі. З рухавіка старога аўтамабіля хлопец вырашыў зрабіць столік. Праца заняла паўтары месяцы, а зараз уласнаручны выраб красуецца на ўваходзе ў хату.

Сяргей Руды, майстар з Шчучына

«Даўно хацелася гэткую рэч зрабіць. Канешне, гэта не я прыдумаў. У інтэрнэце такіх ролікаў шмат. Але хацелася самому. Мой столік зроблены з рухавіка савецкай машыны. Калі з інамарак, то крыху па-іншаму выглядае. Цяпер гэта проста маё хобі, бо аматараў такіх рэчаў цяжка знайсці. Людзі ацэньваюць, ім падабаецца, але купіць ніхто не вырашаецца ў нас. Вы б самі гэта купілі? Гэта таксама каштуе», – Сяргей паказвае на свой незвычайны столік.

Пакуль чысціў рухавік, атрымаў апёк гартані

Сяргей Руды паказвае новую недапрацаваную настольную лямпу

У Расеі такі столік можна прадаць за 500 долараў. Толькі на матэрыялы Сяргей патраціў 150. Але самым складаным аказалася ачыстка старога рухавіка ад іржы і масла.

«Гэта рэч не новая, груба кажучы, ад’ездзіла сваё і пад плотам доўга валялася. Яна была іржавая і замасленая. І гэта ўсё ачысціць трэба было, а гэта і кіслоты і растваральнікі. Пакуль адмыецца, то можна здароўе згубіць. Я мучыўся вельмі, патравіўся растваральнікам, атрымаў апёкі гартані. Іржа толькі кіслатой адмываецца, а старое масла растваральнікам. Пры тым што нізкапробныя растваральнікі вельмі шкодныя. Ну а хто ведаў?», – дзеліцца ўражаннямі ад здзейсненай працы Сяргей.

Самаробная настольная лямпа, зробленая з запчастак

Затое гатовы столік зусім не шкодны. Паху ў хаце не пакідае. Унутры рухавіка Сяргей умантаваў каляровыя лямпачкі, якія пры ўключэнні свецяцца. Уласна столік важыць не мала: адно толькі шкло – 20 кг, а рухавік каля 70-80 кг.

«Калі мы з сябрам яго ў дом заносілі, хоць удваіх, але каленкі трэсліся крыху. Да ножак я прымантаваў колы, дзякуючы якім столік можна лёгка рухаць па хаце», – тлумачыць малады майстра.

Што далей? – Лямпа, жырандоля, гадзіннік

Сяргей руды працуе над новым вырабам

Сяргей ахвотна правёў цікаўных журналістаў у свой гараж, каб паказаць месца працы і пахваліцца іншымі вырабамі з дэталяў машын.

Новы столік

У арсенале маладога майстра ўжо ёсць некалькі настольных лямпаў і гадзіннікаў, зробленых са старых скрынак перадач і дыферэнцыяла. Адзін з гадзіннікаў вісіць на сцяне. Два іншых хлопец падараваў сваім сябрам. Цяпер Сяргей працу над яшчэ адным столікам, які ўжо прыдумаў сам.

«Я такога ў інтэрнэце не бачыў. Вось для гэтага століка, я ўжо адмыслова купляў шыну. Так нашмат лягчэй, чым прывесці ў парадак старую. Зараз чакаю на шкло, якое павінны прывезці з дня на дзень. А вось з гэтага дыску ад кола я хацеў зрабіць жырандолю, але жонка сказала, што не трэба яе ў хаце вешаць. Задумак вельмі шмат, але не ўсё патрэбна. Такіх рэчаў шмат удома не паставіш. Я спрабаваў выкладваць на рэкламныя сайты, але ахвотных пакуль не знайшлося», – кажа Сяргей.

Сяргей Руды паказвае сваю самаробную лямпу

Нядаўна Сяргей Руды завёў староўнку ў кантакце «Hand made для души», дзе выкладвае фотаздымкі сваіх вырабаў.

Самаробны гадзіннік

У марах Сяргея – зрабіць стол з сапраўднага рухавіка самалёта. «Тое, што пачаў, стараюся заканчваць. Лямпу і стол закончу, а далей, канешне, хацелася б паспрабаваць заняцца гэтым сур’ёзна, калі б нехта ацаніў маю працу. Мне было б прыемна, калі б мая праца, стаяла ў кагосьці ўдома, або гаражы ці ў бары або ў клубе. Мара – зрабіць столік з рухавіка самалёта. Хоць у нашым горадзе базуецца аэрадром, але хіба цяжка будзе знайсці», – дадае Сяргей.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў