Маршы волі і новая тактыка ўладаў. Як прайшоў 120-ы дзень пратэстаў у Беларусі


Марш волі ў Менску, 6 снежня 2020 г.
Фота: Агата Квяткоўская / «Белсат»

6 снежня ў Беларусі мінуў чарговы дзень пратэстаў грамадзянаў супраць гвалту ўладаў і фальсіфікацыяў выбараў.

120-ы дзень штодзённых паслявыбарных акцыяў атрымаў назву Маршу волі. Удзельнікі збіраліся ў сваіх дварах і рушылі па самастойна вызначаных маршрутах.

Што рабілі ўлады

З самай раніцы ў гарады былі сцягнутыя ўзмоцненыя падраздзяленні сілавікоў. Быў блакаваны цэнтр Менску, але з пачаткам Маршу сілавікі пакінулі стэлу і Кастрычніцкую плошчу ды скіраваліся ў мікрараёны. Таксама быў адноўлены прыпынены рух метро.

З новаўвядзенняў таксама было тое, што ўлады амаль не блакавалі мабільны інтэрнэт. Замест гэтага яны адключылі Telegram, які, праўда, працаваў з дапамогай проксі-сервераў. Адзначаліся таксама праблемы з хатнім інтэрнэтам, прычым не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах.

Супраць дэманстрантаў зноў ужываліся спецсродкі, былі чуваць стрэлы. Таксама для застрашвання былі прывезеныя службовыя сабакі.

Дзясяткі маршаў

Нягледзячы на перашкоды, людзі выйшлі на акцыі амаль па ўсім Менску. Маршы праходзілі ў Малінаўцы, Сухараве, Уруччы, «Маяку Менску», «Шарыках» ды іншых мікрараёнах.

Таксама свае акцыі правялі жыхары іншых гарадоў і населеных пунктаў: Берасця, Горадні, Віцебску, Бабруйску, Гомляў, Наваполацку, Дзяржынску, Бярозаўцы, Радашкавічаў, Пятрышак, Калодзішчаў, Сокалу, Азярыцкай Слабады ды гэтак далей.

Ужо ўвечары людзі паўторна выйшлі на акцыі ў менскіх мікрараёнах Сухарава, Усход, Лебядзіны, у Шчомысліцы.

Затрыманні

Міліцыя Менску паведаміла, што падчас нядзельных пратэстаў затрыманыя больш за 300 чалавек.

На моманты публікацыі артыкулу ў спісах затрыманых ад валанцёраў было 350 прозвішчаў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра 313 затрыманых.

Сярод іх – музыка Уладзь Лянкевіч, актор Аляксей Сапрыкін, намеснік дэкана БДТУ Раман Азарчык, лекар Артур Ермаркевіч ды іншыя, у тым ліку журналісты.

Каля дзясятка затрыманых з РУУСаў пасля забралі хуткія. Адзін з іх – Вікенцій Ліхтаровіч – быў шпіталізаваны з агнястрэльным раненнем.

МГ belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Стужка навінаў