Маршрутка трапіла ў ДТЗ пад Валожынам, моцна пацярпелі пасажыры


ДТЗ, у якім пацярпелі пасажыры маршруткі, адбылося на трасе М6, што злучае Менск і Горадню. Недалёка ад Валожына мікрааўтобус на вялікай хуткасці ехаў у раздзяляльныя бетонныя блокі.

Відавочцы здарэння паведамляюць, што ў маршрутцы знаходзілася 15 чалавек. Адзін пасажыр загінуў на месцы, некалькі пасажыраў у цяжкім стане. Яны дастаўлены ў шпіталь. Сваімі нагамі з рэшткаў аўтамабіля выйшлі толькі тры чалавекі, ў тым ліку кіроўца маршруткі. Спачуванні пацярпелым, піша на сваёй старонцы ў фэйсбку Валер Мінец.

Паводле папярэдняй інфармацыі прычынай аварыі стала тое, што кіроўца не справіўся з кіраваннем аўтамабіля.

На месцы ДТЗ працуе следча-аператыўная група. Паводле Таццяны Беланог, афіцыйнай прадстаўніцы УСК па Менскай вобласці, на месцы здарэння загінула пасажырка маршруткі 1952 году нараджэння. Яшчэ адзін пасажыр – 1947 году нараджэння памёр у шпіталі. Паводле папярэдняй інфармацыі ў шпіталь дастаўлены 14 асобаў з траўмамі рознай ступені цяжкасці. З іх пяць асобаў ў рэанімацыі, паведамляе Белта, астатнія ў хірургіі.

СК, belsat.eu

 

Стужка навінаў