Марш суседзяў ды «ілжывая таямніца». Як прайшоў 113-ы дзень пратэстаў у Беларусі

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

29 лістапада ў Беларусі было 113-м днём паслявыбарных пратэстаў. Штодзённыя акцыі розных маштабаў працягваюцца ў краіне з 9 жніўня.

Маршы суседзяў

Абвешчаны на сёння Марш суседзяў, як і мінулаю нядзеляю, прайшоў у абноўленым фармаце – замест таго каб сабрацца ў цэнтры гарадоў, дэманстранты хадзілі калонамі па сваіх раёнах. Апроч Менску, акцыі адбыліся таксама ў Берасці, Горадні, Заслаўі, Бабруйску, Магілёве, Віцебску, Жодзіне, Смалявічах, Дзяржынску, Бараўлянах, Радашковічах, Ляхавічах, іншых гарадах і пасёлках.

Толькі ў розных мікрараёнах Менску налічылі не менш за 60 шэсцяў пратэсту. Найбольшыя з іх прайшлі ў Дамброўцы, на вуліцах Жыновіча-Матусевіча, на Паўднёвым Захадзе, ва Уруччы і на Партызанскім праспекце.

Сілавікі разганялі і затрымлівалі людзей, але шэсці ўтвараліся зноў, часам на суседніх вуліцах. Падчас разгону некаторых жорстка білі, у некалькіх выпадках сілавікі ўжылі газ, у Бараўлянах – святлошумавыя гранаты, былі чуваць стрэлы ў Зялёным Бары і Уруччы. Але людзі не заўсёды разыходзіліся ды адбівалі затрыманых.

Новыя акцыі адбыліся ўжо ўвечары.

Ланцуг салідарнасці ўвечары 29 лістапада ў Менску. Фота: чытачы belsat.eu

Новыя затрыманні

На гэты час праваабаронцам вядомыя прозвішчы 360-і затрыманых. Сярод іх сябра Каардынацыйнай рады Дзмітрый Крук, дырэктарка праваабарончай арганізацыі Lawtrend Вольга Смалянка ды іншыя.

Затрымлівалі таксама журналістаў. У Берасці затрымалі журналіста «Брестской газеты» і TUT.BY Станіслава Коршунава, а таксама кіраўніка мясцовай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Максіма Хлябца. У Менску ж былі затрыманыя журналістка газеты «Новы Час» Яна Трусіла і журналістка-фрылансер Іна Дабратвор.

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Большая частка затрыманых у Менску, таксама затрымлівалі ў Ляхавічах, Жодзіне, Бараўлянах, Лясным, Віцебску, Горадні, Лідзе.

«Ілжывая таямніца»

Нягледзячы на шматлікія звесткі пра тое, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было знойдзена алкаголю, Генеральная пракуратура Беларусі працягвае сцвярджаць адваротнае.

«Лекар Арцём Сарокін, паддаўшыся ўгаворам Барысевіч [журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч. – Рэд. Belsat.eu], перадаў ёй звесткі, якія складаюць медычную таямніцу. Пры гэтым, не пераканаўшыся і не праверыўшы дакладнасць інфармацыі, паведаміў ілжывыя звесткі аб адсутнасці ў арганізме Бандарэнкі алкаголю. У сваю чаргу Барысевіч паведаміла грамадскасці недакладную інфармацыю, распаўсюдзіўшы яе пры дапамозе сеткі Інтэрнэт», – заявіла начальніца аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Анжаліка Курчак, тлумачачы крымінальныя справы супраць доктара і журналісткі.

Пры гэтым крымінальнай справы за забойства Рамана Бандарэнкі дагэтуль не распачалі.

Грамадскасць падазрае ў датычнасці да забойства старшыню Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава і ягонага сябра Дзмітрыя Шакуту.

І сёння на сцяне дому, які, як мяркуецца нядаўна набыў Баскаў, з’явіўся надпіс «Не даруем».

МГ belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Hавiны