Марш раёнаў: логіка партызанскага змагання

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

22 лістапада Менск перажыў пэўнае вяртанне ў 9–11 жніўня сёлета – пратэстоўцы перагрупаваліся ў «каменных лясах» сваіх раёнаў, замест адной шматтысячнай калоны збіраючы дзясяткі асобных калонаў і групаў.

Чаму так сталася, і якога развіцця падзеяў можна чакаць?

«Барадзіно»… для АМАПу

Недзе ў верасні групоўка, якая пакуль трымае ўладу ў Беларусі, трохі ачуняла ад атрыманага ў канцы жніўня шоку і паступова зноў пачала закручваць гайкі, падвышаючы ўзровень гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.

Толькі ў лістападзе праз максімальную мабілізацыю ўсіх сілаў, тэрор у форме катаванняў затрыманых, фактычную ліквідацыю законнасці ў краіне і масавае завядзенне крымінальных справаў групоўка дасягнула пэўнага выніку – была распрацаваная сістэма, як не дазваляць людзям збірацца ў больш-менш значнай колькасці.

Так выглядалі затрыманні на станцыі метро Каменная горка. Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 году. Фота: АВ / Vo Tak TV / Белсат

Гэта абсалютна нармальны вынік таго, што жорстка арганізаваная меншасць са сродкамі сувязі, шматузроўневай разведкай (ад ціхароў у натоўпе да дронаў) і разнастайнай зброяй будзе заўсёды мець пэўную тактычную перавагу над няўзброенай і амаль неарганізаванай большасцю без сувязі і штабоў.

У гэтым сэнсе АМАП і кампанія, як Банапарт пры Барадзіне ці ў некаторых бітвах падчас вайны ў Іспаніі, атрымалі тактычную перамогу. Так, страты пратэстоўцаў былі вялікія, так, яны часова адступілі. Але гэтая часовая перамога абсалютна нічога не вырашыла.

Беларуская халодная… герылля

Герылляй – «маленькай вайной» – назвалі тое, што пачалося ў Іспаніі з 1808 года, калі французскія войскі збольшага разбілі іспанскую рэгулярную армію. Стыхійны народны супраціў прывёў да таго, што адкрытыя баі мала што вырашалі. Асобныя людзі і атрады, маючы веру ў правату змагання «за Бога і Радзіму» ды карыстаючыся падтрыманнем большасці насельніцтва, то збіраліся разам, то разбягаліся і сталі стратэгічнай праблемай для напалеонаўскай Францыі.

«Іспанская гангрэна» высмактала з Францыі паўмільёна жаўнераў і афіцэраў, паказала прыклад паспяховага змагання з дагэтуль непераможным праціўнікам. І тут для іспанцаў не абавязковыя былі вялікія перамогі – каб паўстанне перамагло, ім проста трэба было працягваць змагацца. Столькі, колькі трэба. Да канца. Не зважаючы на вынік любога папярэдняга бою. І яны перамаглі.

Гэтак сама, як і ў Іспаніі ў 1808–1814 гадах, у Беларусі адбываецца не толькі і не столькі адкрытае супрацьстаянне пратэстоўцаў з АМАПам. Са жніўня ідзе негвалтоўнае стыхійнае паўстанне, негвалтоўная партызанская вайна, якую больш ці менш актыўна падтрымлівае пераважная большасць насельніцтва.

Пры гэтым асобам, якіх усё часцей называюць акупацыйнай адміністрацыяй (калі нехта забыўся, яны запрашалі замежныя войскі, каб расправіцца з беларусамі), не хапае розуму ні на што, акрамя тэрору і гвалту.

Адпаведна, шансаў на перамогу ў змаганні з масавым паўстаннем у іх няма. Яны самі з пачатку 2020 года толькі ўсё больш распальваюць народную нянавісць да сябе.

Барацьба за сэрца і розум

22 лістапада беларусы перафармаваліся і сапраўды паказалі, хто ў Менску гаспадар – як раззлаваны вулей гудзеў не цэнтр, а ўвесь горад. А карныя атрады, як і ў жніўні, нічога не змаглі зрабіць з масавым пратэстам, які быў размеркаваны па дзясятках вуліцаў.

Людзі выходзілі на сваёй тэрыторыі, у знаёмых дварах, на родных вуліцах, каля ўласных дамоў – гэта дадавала ім смеласці і адчування сваёй праваты. «Мы – дома, валіце адсюль, акупанты», – моцныя словы і пачуцці.

У партызанскай вайне, як і ў вайне грамадзянскай, перамагае той, хто заваёўвае не столькі тэрыторыю, колькі розум і сэрца людзей. Гэта дэманструе і сучасная беларускай сітуацыя – тут вырашальным выглядае не тое, ці разгоніць сёння на вуліцы АМАП пратэстоўцаў, ці то 200 чалавек арыштуюць, ці то 500, а больш важны маральны і сімвалічны бок справы.

Святло – цемра, анёлы – чэрці, гонар – сорам, праўда – хлусня. Сказаў – зрабіў; ці сказаў – і сеў у лужыну.

Вось пратэстоўцы абяцалі, што выйдуць дзясяткамі тысячаў – і выйшлі. Сказалі праўду. А з другога боку нехта ўжо даўным-даўно (паводле сённяшніх мерак) пагражаў разабрацца, палонных не браць, навесці парадак на вуліцах.

Ну, «як ашчушчэнія»? Навёў?

Максімальная дэцэнтралізацыя. Выніковы фотарэпартаж нядзельнага маршу

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў