Марш пенсіянераў і новыя санкцыі. Што адбывалася ў Беларусі ў 100-ы дзень пратэсту


16 лістапада ў Беларусі стала 100-м днём ад моманту пачатку паслявыбарчых пратэстаў. Падводзім вынікі таго, што сёння было ў краіне.

Рэпрэсіі супраць двароў і раёнаў

Раніца 16 лістапада пачалася з навінаў пра тое, што сілавікі працягваюць аблаву на плошчы Пераменаў – там, дзе напярэдадні адбыўся разгон Маршу смелых і адкуль на мінулым тыдні выкралі 31-гадовага Рамана Бандарэнку, які пасля памёр.

Сілавікі на плошчы Перамен.
Фота: belsat.eu

Людзі ў форме і без спрабавалі затрымаць людзей, якія хаваліся ў кватэрах пасля ўчорашняй акцыі. Тым не менш, раніцай сотні людзей здолелі ўсё ж пакінуць плошчу.

Але па ўсёй краіне пасля пачалося знішчэнне народных мемарыялаў памяці Бандарэнкі. А ў менскай Новай Баравой, вядомай сваімі пратэставымі акцыямі, людзі ўжо два дні жывуць без вады. Выявілася, што хтосьці наўмысна адкруціў вентыль, які рэгулюе плынь вады. Мясцовыя жыхары падазраюць, што гэта помста за іх грамадзянскую пазіцыю.

АМАП у Новай Баравой. Фота ад гледачоў «Белсат»

Маршы і акцыі

У панядзелак пачаліся суды над тымі, хто быў затрыманы ў розных гарадах краіны падчас нядзельнага Маршу і ў папярэднія дні. Шмат каму давалі штрафы ці арышты. У тым ліку на 25 содняў арыштавалі цяжарную жанчыну.

У Менску сёння прайшоў ужо традыцыйны марш пенсіянераў. Хоць сілавікі і перакрылі месца збору на плошчы Незалежнасці, сталыя людзі здолелі сабрацца і прайсціся шэсцем да плошчы Якуба Коласа.

Марш пенсіянераў, 16 лістапада 2020 г.
Фота: «Белсат»

Таксама сталыя людзі збіраліся на акцыі і ў некаторых іншых гарадах краіны. А студэнты ладзілі акцыі салідарнасці ў МДЛУ, БДУІРы, Акадэміі мастацтваў.

На прадпрыемствах жа адбылася новая хваля далучэння да стачкамаў працоўных, абураных дзеяннямі ўладаў.

Новыя санкцыі

Міністэрства замежных справаў Беларусі запатрабавала ад Польшчы выдаць адміністратараў тэлеграм-каналаў Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча. Тыя ж у адказ пагадзіліся прыехаць у абмен на паездку Аляксандра Лукашэнкі ў Гаагу.

Між тым Латвія забараніла ўезд на сваю тэрыторыю старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыю Баскаву і баксёру Дзмітрыю Шакуце, якіх падазраюць у датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі. Цікава, што менавіта Латвія павінна ў 2021 годзе праводзіць з Беларуссю хакейны чэмпіянат свету.

Hавiны
100 дзён беларускага пратэсту. Памятаць усё
2020.11.16 08:00

Таксама стала вядома, што на гэтым тыдні Еўразвяз і ЗША могуць увесці новыя санкцыі супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў