Марш народнага трыбуналу. 134-ы дзень пратэстаў. Онлайн


Сёння, 20 снежня, – 134-ы дзень пратэстаў. Пяты месяц беларусы выходзяць на акцыі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама міліцэйскага гвалту, за які ніхто не зазнаў пакарання. Сёняшняя акцыя атрымала ў Telegram-каналах назву Марш народнага трыбуналу.

«Белсат» сочыць за падзеямі дня. Калі маеце цікавую інфармацыю, фота і відэа, то дасылайце іх нам у Telegram – @BelsatBot, а таксама праз SMS/Viber па нумару +48 519 040 024.

15:32. Валанцёры паведамляюць пра 36 затрыманых сёння ў Менску чалавек. Праваабаронцам вядома пра 22 затрыманага: 19 менчукоў і па аднаму чалавеку з Горадні, Барысава, а ў Салігорску быў затрыманы старшыня стачкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун. Спісы папаўняюцца.

13:35. У Грушаўцы, на Прытыцкага, у раёне Залатой Горкі ў Менску прайшлі затрыманні.

13:30. Жыхары Менску выходзяць на акцыі салідарнасці ў розных раёнах сталіцы.





12:35. Вольга Хіжынкова на волі. Паведамленне пра гэта з’явілася ў чаце валанцёраў. Яна правяла 42 дні за кратамі. За содні да вызвалення яе перавялі з Акрэсціна ў Жодзіна. І выпусцілі яе на тры гадзіны раней, чым чакалі. Усё гэта, відавочна, з адной мэтай – каб яе не сустрэлі ахвочыя беларусы.

12:30. Наваполацк. Мясцовыя жыхары сталі ў ланцуг салідарнасці.



12:25. Жыхары Новай Баравой збіраюцца ў дварах, накрываюць сталы з гарбатай і печывам. На гаўбцах і ў вокнах відаць нацыянальная сімволіка. Па мікрараёне курсуюць патрульныя аўты ДАІ і сіні бус, паведамляюць нашыя карэспандэнты.

12:20. За содні, паводле Мінздароўя, у Беларусі памерлі восем чалавек. Колькасць захварэўшых зноў наблізілася да псіхалагічнай мяжы – 1944 чалавек.

12:00. Амерыканская спявачка і актрыса Кортні Лаў выступіла з падтрыманнем Вольгі Хіжынковай.



Раскрытая таямніца дзясяткаў трактароў на вуліцах краіны. Яны паехалі ў сельгаспрадпрыемствы Віцебскай вобласці. «Гэта гістарычны момант», – адзначаецца ў афіцыйным тэлеграм-канале аблвыканкаму.

11:30. Сёння беларусы чакаюць выхаду з-за кратаў «Міс Беларусь – 2008» Вольгі Хіжынковай. Яна правяла за кратамі больш за 40 содняў. Як паведамляе «Наша Ніва», Вольгу адмыслова перавезлі ў Жодзіна за дзень да вызвалення, каб яе не сустракала шмат людзей. З такой жа просьбай да беларусаў звярнуўся і муж Вольгі.

11:00. Здаецца, на вуліцы краіны выехалі ўсе запасы нерэалізаваных трактароў. Як кажуць, вырашылі паказаць тавар тварам.

10:30. Улады сёння падрыхтаваліся для маршу, сур’ёзна дадалі крэатыву. Нельга адразу зразумець, у чым задума, але спроба здзівіць відавочная.

10:00. Менск. Людзі выйшлі з самага ранку. Вялікая калона з бел-чырвона-белай сымболікай была заўважаная ў Сухараве.



Разам з тым выйшлі і беларусы пад чырвона-зялёнымі сцягамі. Увага, да іх пад’ехалі бусікі.

9:30. Добрай раніцы! Глядзіце, што будзе сёння адбывацца ў краіне, разам з намі.

АВ, belsat.eu

Стужка навінаў