Марш народнага абвінавачвання. 127-ы дзень пратэстаў. Онлайн


Сёння, 13 снежня, – 127-ы дзень пратэстаў. Больш за чатыры месяцы беларусы выходзяць на акцыі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама міліцэйскага гвалту, за які ніхто не панёс пакарання. Сёняшняя акцыя атрымала ў Telegram-каналах назву Марш народнага абвінавачвання.

«Белсат» сочыць за падзеямі дня. Калі маеце цікавую інфармацыю, фота і відэа, то дасылайце іх нам у Telegram – @BelsatBot, а таксама праз SMS/Viber па нумару +48 519 040 024.

18:00. У Менску быў затрыманы карэспандэнт, журналіст-расследавальнік «Белсату» Стась Івашкевіч.

17:50. У Смалявічах затрымалі цэлы клас, прычым, хіба не найлепшы ў Смалявічах. Дзеці ішлі з рэпетыцыі выпускнога вальсу. Па іх словах, у РАУС іх ставілі тварам да сцяны. Бацькам сказалі, што дзеці лаяліся матам.

17:30. У Віцебску пасля 10 содняў арышту выйшаў Вячаслаў Барок.

17:00. Чытачы @euroradio паведамілі, што 84-гадовага Яна Грыба ўсё ж не затрымлівалі. Ён проста адмовіўся ісці ў аўтазак!

У Берасці ж, па ўласнай інфармацыі «Белсат», з міліцыі адпусцілі 63-гадовую Алену Гнаўк.

16:20. Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне Яна Грыба. Яго імя ёсць у спісе «Вясны». 84-гадовы Ян Грыб – беларускі пісьменнік, які, як і Ніна Багінская, стаў сімвалам беларускіх пратэстаў.

«Мне патрэбная вольная і незалежная Беларусь, але яна ад гэтага ідэалу ўсё далей. На каго мне спадзявацца? Толькі на сябе», – патлумачыў Ян Грыб «Свабодзе» свой удзел у пратэстах.

Ян Грыб. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

15:45. На гэты час у спісе затрыманых @spiski_okrestina 89 прозвішчаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра 64 затрыманых. Дадзеныя ўвесь час аднаўляюцца.

А вось адно, будзем спадзявацца, няўдалае затрыманне.

15:30. Дзясяткі акцый салідарнасці сёння праходзіць у сталіцы.

15:25. Абсурд становіцца ўжо звыклай часткай нашага жыцця. Раней прыходзілі навіны, як працаўнікі МНС здымаюць з дрэва коціка, які не можа злезці сам. Сёння ж МНС-нікі гераічна выратавалі пакет. Невядома, колькі дзён пакет вісеў на дрэве і колькі яму яшчэ там прыйшлося б бездапаможна вісець, калі б не самахвярнасць ратавальнікаў.



15:15. Сёння на маршы была Ніна Багінская. Яна стала натхняючым сімвалам беларускіх пратэстаў. Яшчэ адна вядомая сталая ўдзельніца акцый – 63-гадовая Алена Гнаўк – у чарговы раз была затрыманая ў Берасці.

14:25. Па дадзеных праваабарончага цэнтру “Вясна”, пакуль вядома пра 18 затрыманых 13 снежня.







13:45. Міліцыянты таксама сёння не адпачываюць: робяць аблавы, здымаюць сцягі, палююць і затрымліваюць людзей.



13:15. Дваровыя маршы, у адрозненні ад агульнай акцыі, не могуць паказаць маштаб і колькасць удзельнікаў. Але ў краіне ўжо адбыліся дзясяткі акцый.













12:45. «Глядзі ў вакно, а не ў тэлевізар!» Новы лозунг акцый пратэсту. Беларусы сёння выходзяць невялікімі калонамі.

12:35. Навіны Мінздароўя. За содні ад галалёдзіцы і холаду пацярпелі 968 чалавек. Найбольш – у Гомельскай і Віцебскай абласцях. Соднямі раней пацярпелых было 1 867.

Таксама ў краіне было зарэгістравана 1 961 пацыентаў з COVID-19. За ўвесь перыяд, згодна з афіцыйнай статыстыкай, ад каронавіруснай інфекцыі памерлі 1 263 пацыента.

Будзьце асцярожнымі і беражыце сябе.

12:15. Пакуль улады дзейнічаюць нетрадыцыйна. Метро працуе, мабільны інтэрнэт таксама, хаця чытачы «Белсату» і заўважылі праблемы з доступам у Telegram у карыстальнікаў «Белтэлекаму».

11:45. Людзі выходзяць на акцыі пратэсту не толькі ў сталіцы. Сёння неверагодныя беларусы ўжо пайшлі гуляць у Горадні, Наваградку, Заслаўі і нават вёскі Драздова Менскага раёну.

11:10. Менчукі выходзяць на вуліцы, нягледзячы на надвор’е, аранжавы ўзровень небяспекі і вадамёты.

10:30. З раніцы ў Менск заехала вайсковая тэхніка. Гэтым разам яе сустракалі «неабыякавыя жыхары» з чырвона-зялёнымі сцягамі, якія неяк даведаліся пра час і маршрут калоны.

Жыхары Менску заўважылі ў горадзе зноў міліцыянтаў з сабакамі і вадамёты, якія ў цывілізаваным свеце забаронена на марозе ўжываць, але ў Беларусі такога абмежавання няма.

АВ, belsat.eu

Стужка навінаў