Марш герояў: У Менску затрыманыя больш за 400 чалавек. У Драздах узрывалі святлошумавыя гранаты


Затрыманні ўдзельнікаў Маршу герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

У нядзелю, 13 верасня, прайшлі жорсткія затрыманні ўдзельнікаў маршу герояў у сталіцы.

Спіс затрыманых Праваабарончага цэнтру «Вясна» глядзіце па спасылцы.

Па дадзеных МУС па стане на 19:00 у Менску затрымана больш за 400 чалавек. Таксама МУС паведаміла, што падчас пратэставых акцыяў у Віцебску было затрымана 14 чалавек.

«Усе яны выкарыстоўвалі сцягі і іншую сімволіку, незарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, і плакаты рознага зместу, у тым ліку абразлівага», – тлумачыць затрыманні мірных дэманстрантаў МУС.

Частка ўдзельнікаў маршу герояў дайшлі да Драздоў і дому старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Каб затрымаць дэманстрантаў і спыніць рух калонны па Драздах АМАП ужыў святлошумавыя гранаты.

Пратэсты супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў цягнуцца ў Беларусі ад 9 жніўня. За гэты час па ўсёй краіне былі затрыманыя больш за 10 тыс. чалавек. Некалькі тысячаў затрыманых звярнуліся ў Следчы камітэт з заявамі на супрацьпраўныя дзеянні працаўнікоў МУС. Следчы камітэт не завёў ніводнай крымінальнай справы па фактах зваротаў грамадзянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў