Марш герояў. Штонядзельная акцыя пратэсту ў сталіцы. ОНЛАЙН


13 верасня ў Менску прайшоў Марш герояў, які стаў ужо пятай запар акцыяў, якія па нядзелях збіраюць толькі ў Менску да 200 тысяч беларусаў. Марш герояў, як і дзве папярэднія акцыі адзначыліся жорсткімі затрыманнямі.

22:20. Разам з Аляксандрам Васюковічам затрымалі фатографа Уладзя Грыдзіна.

21:46. Журналіста «Белсата» Арцёма Ляву вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС. Пратакол не складалі, але забралі на экспертызу ўсю тэхніку.

21: 30. Затрыманы фатограф Аляксандр Васюковіч.

21:00. Валер Цапкала паведамляе, што не працуе сайт Міністэрства па падатках і зборах.

20:48. Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя імёны 213 затрыманых у Менску дэманстрантаў. Гэты спіс пастаянна абнаўляецца.

20:20. Карэспандэнт «Нашай Нівы» паведамляе, што на Пушкінскай людзей заганяюць у куты з розных бакоў. Людзі разбягаюцца па дварах.

У гарадзенскім Ленінскім РАУС зараз каля 60 затрыманых сёння пратэстоўцаў. Паведамляе адзін з затрыманых

20:12. З’явілася відэа затрыманняў у Драздах. На ім сапраўды чуваць выбухі і стрэлы, бачны дым пасля ўжывання спецсродкаў. Нагадаем, што МУС гэта абвяргае.

20:08. Ужо пасля Маршу герояў, менчукі, едучы ў метро, працягваюць скандаваць «Жыве Беларусь!».

19:48. МУС прызнае, што сілавікі стралялі ў паветра, калі людзі спрабавалі адбіць затрыманых.

Падчас Маршу герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

Пры гэтым міліцыя адмаўляе ўжыванне светла-шумавых гранатаў. Паводле ж «Нашай Нівы», іх кідалі супраць тых пратэстоўцаў, які прыйшлі да дому Лідзіі Ярмошынай з лозунгамі «Баба Ліда, мы на чай».

Удзельнікі Маршу герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

19:44. Па стане на 19:00 у Менску затрымана больш за 400 чалавек, усяго па Беларусі – «некалькі соцень чалавек», паведамляе МУС.

19:34. «Наша Ніва» паведамляе, што пачалася зачыстка Пушкінскай. Там заставалася шмат пратэстоўцаў.

Затрыманні ўдзельнікаў Маршу герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

19:31. МУС паведамляе пра затрыманне 14 чалавек на Віцебшчыне. Заяўляецца, што ў Наваполацку пашкоджаныя тры міліцэйскія аўтамабілі.

19:29. У Менску аднавілася праца ўсіх станцыяў метро і мабільнага інтэрнэту.

Марш герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

19:13. Менск. Калона дайшла да скрыжавання Прытыцкага і Пушкіна. Вялікая частка пратэстоўцаў засталася каля мемарыялу памяці Тарайкоўскага. Шмат людзей ужо разыходзяцца вялікімі групамі, паведамляе радыё «Свабода».

18:57. МУС прызнала, што ў Берасці ўжылі вадамёт супраць людзей, якія «вадзілі карагоды, спявалі песні ды крычалі розныя лозунгі».

Марш герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

18:43. У Менску затрыманая галоўная рэдактарка dev.by Наталля Правалінская. Карэспандэнт «Белсату» Арцём Лява дагэтуль у Кастрычніцкім РУУС. Аўто апячаталі, камп’ютар і тэлефон забралі. Журналіста затрымлівалі працаўнікі ДАІ.

Між тым дэманстранты занялі праспект Пушкіна. Рухаюцца калонай да станцыі метро «Пушкінская».

18:38. Вядомыя імёны ўжо больш як 160-і затрыманых сёння ў Менску і рэгіёнах. Амаль чатыры гадзіны таму МУС паведамляла пра 250 затрыманых у Менску. Пасля гэтага затрыманні яшчэ адбываліся.

Milicja i demonstranci przed Arena City, zdj.: TG Motolkohelp
Milicja i demonstranci przed Arena City, zdj.: TG Motolkohelp

18:35. На ўваход і выхад зачыненыя станцыі метро Спартыўная, Пушкінская, Моладзевая. Таксама закрытыя Фрунзенская, Няміга. Цягнікі ідуць без прыпынку на гэтых станцыях.

Марш герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

18:20. На падыходзе да ГЦ «Замак» перакрытыя ўсе шляхі.

18:15. МУС Беларусі абвяргае ўжыванне куляў і светла-шумавых гранатаў супраць пратэстоўцаў. Але журналісты шэрагу розных медыяў на месцах гэта пацвярджаюць. Таксама стрэлы чуваць на відэа.

18:11. Вось такая калона рушыць зараз у Менску ў бок стэлы.

18:06. Акцыі салідарнасці з Беларуссю праходзяць і ў іншых краінах. У тым ліку ў Берліне, Кіеве, Маскве, Санкт-Пецярбургу ды іншых. У Маскве да беларускай амбасады прыйшоў вядомы публіцыст Віктар Шандаровіч.

Віктар Шандаровіч на акцыі ў Маскве.
Фота: t.me/strana_official

18:00. «Еўрарадые» паведамляе, што каля Драздоў пачалі ўжываць светлашумавыя гранаты. Там пачаўся хапун.

17:55. Пратэстоўцы каля «Арэна Сіці» разгарнуліся і пайшлі па праспекце Пераможцаў у бок стэлы.

17:50. Берасце. Пачаўся разгон. Сілавікі шчытамі перакрылі бульвар Касманаўтаў. Пратэстоўцы паведамляюць, што ўзброеныя сілавікі пераследуюць людзей нават у дварах. Пад’ехалі бусы без нумароў.

17:45. У Магілёве каля кінатэатра «Космас» затрыманы журналіст 6tv.by Алесь Сабалеўскі, паведамляе TUT.by.

17:35. Менск. Пратэстоўцы пачалі будаваць барыкады ля ГЦ Palazzo.

17:30. Берасце. Мінімум адно затрыманне, чытачы паведамляюць, што затрыманы хлопец. Пад час разгона вадамётам выпадкова перастала працаваць камера wikilink.

17:25. У Менску каля «Арэна-Сіці» пратэстоўцы спыніліся. Дарогу перагарадзілі сілавікі і спецтэхніка.

17:12. Сёння, апроч Менску, акцыі праходзяць ва ўсіх абласных цэнтрах (Магілёў, Берасце, Горадня, Гомель, Віцебск), а таксама ў Лідзе, Полацку, Наваполацку, Смаргоні, Бабруйску, Мазыры, Салігорску ды іншых населеных пунктах.

Марш герояў у Магілёве.
Фота: belsat.eu

У Берасці вадамётам разагналі людзей.

Марш герояў у Салігорску.

У Салігорску а 14.00 калона пратэстоўцаў сабралася на цэнтральнай плошчы. Узначальвалі стачкамаўцы. Сёння затрыманыя Раман Лявончык і, магчыма, Сяргей Чаркасаў. Людзі прайшлі па вуліцы Леніна, затым па Кастрычніцкай, каля стадыёна Будаўнік на Чыжэвіцкія могілкі, дзе каля памятнай стэлы загінулым шахцёрам ушанавалі іх памяць, усклалі кветкі. Выступіў Юрый Корзун. Далей Марш герояў рушыў услед па горадзе да абеліску Чорны цюльпан у памяць тых, хто загінуў у Афганістане Салігорцы).

17:05. Менск. Вялізарная калона пратэстоўцаў зараз праходзіць Футбольны манеж.

На ўездзе ў Дразды ўсталявалі кардоны міліцыі.

Кардон у Драздах.
Фота: t.me/belteanews

17:03. У Глыбокім невядомыя збілі 17-гадовага Кірыла Барэйку, сына актывісткі «Страны для жизни» Людмілы Барэйкі.

Зараз ён знаходзіцца ў больніцы з чэрапна-мазгавой траўмай. Як паведаміла яго сястра, учора вечарам ён гуляў з сябрам па горадзе. Да іх прычапіліся невядомыя і сталі правакаваць на бойку. Кірыл не паддаўся на правакацыю. Тады яны яго збілі, прычым стараліся наносіць удары па галаве. Яго сябра не чапалі.

Марш герояў
Марш герояў у Віцебску. 13 верасня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Зараз Кірыл знаходзіцца ў глыбоцкай больніцы. Яго маці Людміла Барэйка затрыманая ў пятніцу, да суда яна знаходзіцца ў ІЧУ ў Глыбокім. Яе затрымалі нягледзячы на тое, што яна мае няпоўнагадовага сына. Людміла стала вядомая ўвесну, калі выступіла ў стрыме Сяргея Ціханоўскага. Ролік з яе ўдзелам сабраў больш за мільён праглядаў.

17:00. Журналіста «Нашай Нівы» Змітра Панкаўца затрымалі на Нававіленскай, але пасля праверкі дакументаў адпусцілі.

16:55. У Берасці пратэстоўцы перакрылі праспект Машэрава, рух цалкам спыніўся. Калона застаецца ў цэнтры.

А ніжэй відэа таго, як сёння гуляла Ліда:

16:45. Менск. Асноўная калона прарвалася праз ачапленні сілавікоў і рушыць у бок Драздоў. Людзей проста вельмі шмат.

16:38. Каля 100 затрыманых у актавым зале Ленінскага РАУС у Горадні. Сярод іх ёсць моцна пабітыя, якім міліцыя не выклікае дактароў. Сярод затрыманых Вольга Каракіна, дзяўчына палітвязня Змітра Фурманава, паведамляе журналіст Андрэй Мялешка.

16:35. Каля вуліцы Новавіленскай у Менску сілавікі зрабілі папераджальны стрэл у паветра, піша Onliner. Тут у бок Драздоў ідзе адна з калонаў пратэстоўцаў.

16:30. Вялікая калона дайшла да скрыжавання праспекту Прытыцкага і вуліцы Пушкінскай.

16:25. Масавыя затрыманні каля «Арэна-Сіці». Людзей адлоўліваюць каля Універсітэту фізкультуры. Там стаіць каля 20 аўтазакаў. Амапаўцы здымаюць людзей з агароджы Крупецкіх могілак і затрымліваюць. Людзей адцясняюць да футбольнага манежу, піша «Наша Ніва».

Дэманстрантаў на праспекце Пераможцаў разганялі газам. Медыкі аказваюць дапамогу пацярпелым.

16:17. Частка пратэстоўцаў у Менску рушыць у бок Драздоў. З гэтай прычыны на праспекце Пераможцаў у раёне дома 91 перакрылі рух у бок Драздоў, пускаюць толькі грамадскі транспарт.

СМІ паведамляюць, што тэхніка сілавікоў таксама перамяшчаецца ў бок Драздоў.

16:10. Праваабаронцы налічылі ў Магілёве каля 2 тыс. чалавек. У Менску толькі ў галоўнай калоне каля 100 тыс. пратэстоўцаў. МУС жа кажа толькі пра 3 тыс. па ўсёй краіне.

Акцыя пратэсту ў Пінску.
Фота: belsat.eu

16:05. У Менску калона пратэстоўцаў выйшла на праезную частку праспекта Пушкіна і ідзе ў бок Ціміразева. Галава калоны дасягнула скрыжавання Прытыцкага і Пушкіна. Спыніліся каля народнага мэмарыялу памяці Аляксандра Тарайкоўскага.

16:00. Пачаліся затрыманні ў раёне Драздоў, у бізнес-цэнтра «Рыўера Плаза». Людзі разбягаюцца.

У Менску затрымалі карэспандэнта «Белсата» Арцёма Ляву. Цяпер ён у Кастрычніцкім РУУСе.

15:56. Карэспандэнты «Наша Ніва» ацэньваюць агульную колькасць людзей у асноўнай калоне, што рухаецца па Кальварыйскай, у 100 000 чалавек.

Каля 5 тысяч чалавек выйшлі каля Bяснянкі на праспект Пераможцаў у раёне гасцініцы «Bікторыя-Алімп». Ідуць па праспекце ў бок «Арэна-Сіці».

15:46. Шэсць хвілінаў таму адкрылі станцыі метро Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Купалаўская, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа. Застаюцца закрытымі Няміга і Фрунзенская.

Удзельнікі пратэсту ў Віцебску.
Фота: belsat.eu

15:44. У Пінску, калі людзі праходзілі па ходніках каля былой запалкавай фабрыкі па вуліцы Берасцейскай, пачаўся хапун. Пад’ехаў аўтазак, бус з АМАПам і некалькі міліцэйскіх машын. Затрымалі прынамсі дзвюх дзяўчат з бела-чырвона-белымі сцягамі. Народ пачаў разбягацца.

Таксама хапун пачаўся ў Горадні. Ужыты пярцовы газ.

15:40. Менск. Ад стэлы велізарная калона загарнула на Ціміразева, але потым пайшла праз мост у бок «Каскаду».

15:35. Вось такую калону заўважалі каля «Каскаду» і «Кароны» на Кальварыйскай.

Паведамляецца таксама пра 10 тыс. чалавек на Арлоўскай.

15:29. У Віцебску пратэстоўцы пайшлі дварамі.

Пратэст 13 верасня ў Віцебску.
Фота: belsat.eu

15:24. МУС паведамляе, што акцыі пратэсту праходзяць у 17-і населеных пунктах Беларусі. У розных раёнах Менску затрыманыя каля 250 чалавек. «Усе яны выкарыстоўвалі сцягі і іншую сімволіку, незарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, і плакаты рознага зместу».

15:18. Міліцыя спрабуе блакаваць калону ў Магілёве. Людзі не губляюцца і мяняюць напрамак. Так калона пратэстоўцаў была вымушана развярнуцца на кінатэатры «Чырвоная зорка» і вярнуцца назад да «Атрыўма», дзе пачынала свой рух. Цяпер марш герояў у Магілёве рушыць па вуліцы Піянерская.

Калона ў Магілёве.
Фота: t.me/mogilev97pro
Берасцейцы рушылі шэсцем па горадзе. Маршрут мяняецца раптоўна і непрадказальна, але пакуль што людзі застаюцца ў цэнтры.
Людзі на плошчы ў Берасці.
Фота: belsat.eu

15:13. Паводле TUT.by, на праезнай часткі праспекта Пераможцаў ужо каля 10 тысяч чалавек. Некаторыя ўжо падышлі да стэлы «Менск – горад-герой«. Частка людзей павярнула на Машэрава і рухаецца ў бок Ціміразева.

Некалькі калон сышліся ў раёне плошчы Бангалор, прайшлі Парк дружбы народаў і ідуць у напрамку праспекта Пераможцаў і Драздоў.

15:08. «Вясна» ўжо паведамляе пра затрыманне прынамсі 37-і ўдзельнікаў маршу.

Марш герояў
Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 года.
Фота: Ірына Ареховская / Belsat.eu

15:05. У Пінску сабралося каля 200 чалавек: прайшлі па пешаходнай вуліцы, потым прайшлі па плошчы, Ідуць на ввуліцу Першамайскую. Па Горадні маршам ідзе калона каля 10 тысяч чалавек. Таксама вялікая калона ідзе ў Кобрыне, Берасці, Полацку ды іншых гарадах.

15:02. Сілавікі не здолелі разагнаць вялікую калону дэманстрантаў на Мельнікайце. Людзі рушылі да Стэлы. Туды ж кіруюцца тысячы дэманстрантаў па праспекце Пераможцаў і Нямізе, паведамляе «Наша Ніва».

Марш герояў
Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 года.
Фота: Ірына Ареховская / Belsat.eu

14:55. У цэнтры Менску адключылі мабільны інтэрнэт. Закрытыя станцыі метро Кастрычніцкая, Купалаўская, Фрунзенская, Плошча Леніна, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа.

14:45. Затрыманні на праспекце Пераможцаў.

Марш герояў
АМАП затрымлівае ўдзельнікаў нядзельнага Маршу герояў. 13 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv
Марш герояў
АМАП затрымлівае ўдзельнікаў нядзельнага Маршу герояў. 13 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

14:40. Перакрыты рух па праспекту Незалежнасці.

Марш герояў. Менск, 13 верасня.
Фота: «Белсат»
Марш герояў. Менск, 13 верасня.
Фота: «Белсат»

14:35. Затрыманні і разгон пратэстоўцаў на Нямізе.

14:30. Затрыманні ў Магілёве.

14:20. ГУУС Менгарвыканкаму пацвярджае затрыманні.

«Некалькі чалавек затрыманыя ў межах адміністрацыйнага працэсу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Іх даставяць у аддзяленні міліцыі для разбірання», – паведаміла «Интерфакс-Запад» афіцыйная прадстаўніца менскага ГУУС Наталля Ганусевіч.

Марш герояў. Менск, 13 верасня.
Фота: «Белсат»
Марш герояў. Менск, 13 верасня.
Фота: «Белсат»
Марш герояў. Менск, 13 верасня.
Фота: «Белсат»

14:10. Шмат людзей ідуць ад плошчы Якуба Коласа ў бок цэнтру, але ўсе без сімволікі.

Марш герояў. Менск, 13 верасня.
Фота: «Белсат»
Марш герояў. Менск, 13 верасня.
Фота: «Белсат»

Упершыню за 5 тыдняў пратэстаў калючым дротам ачапілі Кастрычніцкую плошчу.

Калючы дрот на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, 13 верасня 2020.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

14:00. Працягваюцца затрыманні людзей з нацыянальнай сімволікай.

13:50. У сталічным мікрараёне Грушаўка ідуць затрыманні.

13:15. Платформа «Голас» абяцае падлічыць колькасць удзельнікаў Маршу герояў. Зарэгістравацца на сэрвісе можна тут.

13:00. На менскай вуліцы Маякоўскага затрымліваюць людзей з нацыянальнымі сцягамі.

З нагоды сённяшняга маршу са зваротам выступіла Святлана Ціханоўская: «Я віншую ўсіх з яшчэ адной нядзеляй волі. Сёння марш прысвечаны нашым героям – усім, хто працягвае барацьбу. Давайце пакажам рэжыму, што мы – мірны народ, які не прымае гвалт і хлусню. Ўпэўненая, што ўсе, хто за перамены, будуць сёння на маршы».

Ад самай раніцы ў сацыяльных сетках пачалі зʼяўляцца паведамленні, што ў цэнтр Менску сцягваюцца сілавікі.

13 верасня чакаецца, што пройдуць акцыі і ў рэгіёнах.

Пратэсты супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў цягнуцца ў Беларусі ад 9 жніўня. За гэты час па ўсёй краіне былі затрыманыя больш за 10 тыс. чалавек. Некалькі тысячаў затрыманых звярнуліся ў Следчы камітэт з заявамі на супрацьпраўныя дзеянні працаўнікоў МУС. Следчы камітэт не завёў ніводнай крымінальнай справы па фактах зваротаў грамадзянаў.

Hавiны
Смех, кроў і слёзы. Самы гучны і эмацыйны жаночы марш у Менску
2020.09.12 23:05

belsat.eu

Стужка навінаў