«Марш адзінства» 6 верасня СК кваліфікаваў як масавыя закалоты. Распачатая крымінальная справа


Чацвёра ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі 6 верасня маюць статус падазраваных у межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама распачатая крымінальная супраць 18-гадовай дзяўчыны, якая размалявала спецтэхніку сілавікоў – яе вінавацяць у «хуліганстве».

«У выніку спынення транспартнага руху ў ходзе масавых закалотаў у Менску камунальнаму прадпрыемству нанесеная шкода больш чым на 30 тысяч рублёў», – адзначаецца ў прэс-рэлізе СК.

Дзеянні пратэстоўцаў падчас шэсця 6 верасня ў Менску Следчы камітэт кваліфікаваў паводле ч.1 арт. 342 КК – арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Падазраванымі па гэтай справе на дадзены момант праходзяць чацвёра чалавек ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў.

«Акрамя гэтага, 18-гадовая дзяўчына ў сувязі з пашкоджаннем спецыяльнага сродкі шляхам нанясення балончыкамі з лакафарбавым рэчывам надпісаў прызнаная падазраванай па крымінальнай справе, распачатай па артыкуле «хуліганства», – адзначаецца ў СК.

Дзяўчына, супраць якой распачалі крымінальную справу. Фота – t.me/skgovby

Раней, 7 верасня, дзяржаўныя тэлеканалы паведамлялі, што гэтая дзяўчына была затрыманая і прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасці за свае дзеянні.

Скрыншот відэа ОНТ

На відэа пасля затрымання яна паведамляла, што жыве цяпер у Берасці, а ў Менск прыехала, каб прыняць удзел у акцыі пратэсту. 18-гадовая дзяўчына тлумачыла, што яна размалёўвала спецтэхніку з мэтай выказаць сваё стаўленне да ўладаў.

Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», агулам больш чым 100 чалавек праходзяць падазраванымі па крымінальных справах, звязаных з паслявыбарчымі пратэстамі ў Беларусі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў