Маляваныч з «Калыханкі» два тыдні праляжаў у больніцы з COVID-19


Актор Аляксандр Ждановіч, які грае ролю Маляваныча ў «Калыханцы», тры тыдні змагаўся з каронавірусам.

Актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Максіма Горкага Аляксандр Ждановіч праляжаў у 3-й больніцы ў Менску два тыдні: з 6 па 20 траўня.

25 красавіка ў актора паднялася тэмпература да 37,8 і пратрымалася два дні. Потым яна стала зніжацца і застаўся сухі кашаль, галавакружэнне, а таксама знік нюх. 6 траўня Маляванычу зрабілі камп’ютарную тамаграфію, якая выявіла двухбаковую пнеўманію.

«Я шмат чытаў на гэтую тэму, адразу зразумеў – «яно». Праўда, працягваў лячыцца дома, бо паліклініка і «хуткая» звяртаюць ўвагу толькі пры наяўнасці высокай тэмпературы, дыхавіцы, або пры пацверджаным запаленні лёгкіх, а гэта ў мяне не назіралася», – распавёў выданню mlyn.by Аляксандр Ждановіч.

20 траўня актора выпісалі з больніцы і цяпер ён «далечваецца» дома, паведамляе people.onliner.by.

«Галоўнае, што хачу данесці, – нам трэба дапамагаць медыкам, бо, па сутнасці, яны ваююць за ўсіх нас у складаных абставінах. Мне шкада, што так мала ініцыятываў у нашым грамадстве. Зразумела, што ў першую чаргу патрэбна фінансавая дапамога. Я чуў, што людзі арганізоўваліся і шылі маскі, збіралі ахоўныя акуляры і шчыткі. Я ўдзячны тым, хто робіць на гэтым акцэнт», – сказаў актор у размове з people.onliner.by.

Па стане на 21 траўня ў Беларусі каронавірус выявілі ў 33 371 асобы.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў