Малы ўручскі фронт: у Менску выбарцы на адным з участкаў больш за гадзіну супрацьстаялі АМАПу


Жыхары Уручча, якія галасавалі на ўчастку №46 (сярэдняя школа №202), у ноч з нядзелі на панядзелак больш за гадзіну блакавалі выезд аўтобуса з выбарчай камісіяй, патрабуючы выніковы пратакол галасаванне, уступаючы ў супрацьстаянне і нават сутычкі з АМАПам. Пра падзеі ўчорашняй ночы распавёў Belsat.eu відавочца.

АМАП атрымліваў падмацаванні, міліцыянты некалькі разоў выкарыстоўвалі дубінкі, аднак змаглі прабіцца з вуліцы Гінтаўта толькі пасля прыезду дадатковага падраздзялення спецыяльнага прызначэння ў касках і зялёнай форме, ідэнтыфікаваць якое не атрымалася.

Hавiны
«Сумленныя людзі»: На некаторых участках Ціханоўская атрымала 75,80 і нават 91 % галасоў
2020.08.10 12:55

Пачатак баявой ночы

Напачатку мясцовыя жыхары проста стаялі каля школы, чакаючы вынікаў, але, калі ўбачылі, што выбарчая камісія сыходзіць пад аховай АМАПу, а пратаколу так і няма, пабеглі наўздагон і ўбачылі, як функцыянеры сядаюць у аўтобус.

Асаблівы гнеў выклікала тое, што на некаторых суседніх участках вынікі ўжо былі вядомыя – вёска Копішча Менскага раёну стала своеасаблівым рэкардсменам сумленнага падліку галасоў учора ноччу. Як мінімум на трох з чатырох капішчанскіх участкаў пратаколы з вынікамі выбараў былі пасля падліку своечасова прадстаўленыя назіральнікам.

Фатаграфіі пратаколаў, якія сведчылі, што Святлана Ціханоўская на гэтых участках атрымала ад 70 да 90 % галасоў, выклікалі гучныя воплескі. Раён Копішча грымеў ад крыкаў «Дзякуем! Жыве Беларусь!» сотняў мясцовых жыхароў, якія прыйшлі да ўчасткаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі чакаць вынікаў галасавання, сем’ямі і з дзецьмі.

Маючы такія паведамленні з суседніх участкаў, выбарцы ўчастку №46 мелі вельмі рашучыя намеры і не хацелі стаць выключэннем.

Hавiны
У Горадні АМАП змушаў выбарчую камісію падпісаць сфальсіфікаваны пратакол
2020.08.10 02:29

Супрацьстаянне на Гінтаўта

Аўтобус з выбарчай камісіяй, які знаходзіўся пад аховай некалькіх амапаўцаў, літаральна ўзялі ў аблогу. Часам білі ў вокны далонямі і кулакамі. Некаторыя ўласнікі прыпаркаваных побач аўто нават заблакавалі праезд па самой вуліцы Гінтаўта.

Крыкі «Пратакол! Пратакол!» і «Ганьба!» былі чутныя вельмі далёка, а людзі літаральна сваімі целамі стаялі на шляху машыны. Нават прыехаўшыя АМАПаўцы ў пластыкавых даспехах не змаглі прабіцца праз людзей, якія счапляліся рукамі і ўступалі ў фізічны супраціў наступу людзей у масках і чорнай форме. У фізічным супрацьстаянні часам удзельнічалі не толькі мужчыны, але і жанчыны.

Як мінімум 1,5 гадзіны працягвалася змаганне, калі аўтобусу з выбарчай камісіяй прыходзілася то ехаць у адзін бок, то разварочвацца, то лавіраваць паміж аўтамабілямі мясцовых жыхароў. Літаральна кожны сантыметр вуліцы Гінтаўта АМАПу прыходзілася пераадольваць з вялікай цяжкасцю.

Толькі калі на вуліцу выбегла дадатковае спецыяльнае падраздзяленне ў зялёнай форме, мясцовыя жыхары зразумелі, што іх малавата супраць дзясяткаў спрактыкаваных прафесіяналаў і прапусцілі транспарт, аднак яшчэ доўга не разыходзіліся.

Размовы з людзьмі ў гэтым раёне тым жа вечарам і ранкам сведчаць, што яны ўпэўненыя ў сваёй праваце і апускаць рукі не збіраюцца.

Стужка навінаў